Польшча плануе замінаваць мяжу з Беларуссю
8- 19.03.2025, 20:16
- 5,652

Намеснік міністра абароны Польшчы заявіў, што сітуацыя на мяжы сур'ёзная.
У Польшчы хочуць размясціць супрацьпяхотныя міны на межах з Беларуссю і РФ у рамках праекту «Усходні шчыт».
Пра гэта ў эфіры RMF24 заявіў намеснік міністра абароны Польшчы Павел Бэйда.
Ягоныя словы прагучалі на фоне таго, як Літва, Латвія, Эстонія і Польшча абвясцілі ў аўторак пра намер выйсці з Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў.
«У нас няма іншага выйсця. Сітуацыя на мяжы сур'ёзная. Я кажу пра польска-беларускую і польска-расейскую мяжу… Гэта будзе адным з элементаў “Усходняга шчыта”», – сказаў Бэйда.
Паводле ягоных словаў, у Польшчы няма супрацьпяхотных мінаў, але ёсць «магчымасці іх зрабіць».
«Гэта будуць рабіць (вырабляць міны. – Рэд.) заводы Польскай узброенай групы, але я не хачу ўдавацца ў дэталі. Гаворка ідзе пра замову на некалькі сотняў тысячаў, можна гаварыць пра мільён (штук. – Рэд.)», – сказаў Бэйда.
Каментуючы намер краінаў Балтыі і Польшчы выйсці з канвенцыі, якая забараняе супрацьпяхотныя міны, кіраўнік МЗС Эстоніі Маргус Тсахкна назваў няправільным тое, што «мы забараняем сабе выкарыстоўваць зброю, якую Расея гатова выкарыстоўваць супраць нас».