Трамп паабяцаў дапамагчы Украіне з дадатковымі Patriot
- 19.03.2025, 21:08
- 3,186

Пра гэта паведамілі ў Белым доме.
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп паабяцаў украінскаму лідару Уладзіміру Зяленскаму супрацоўнічаць з ім у пошуку сістэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot для Украіны.
Пра гэта паведамілі ў Белым доме паводле вынікаў размовы прэзідэнтаў ЗША і Украіны.
Як расказалі ў Белым доме, падчас тэлефоннай размовы лідары пагадзіліся, што «Украіна і Амерыка будуць прадаўжаць працаваць разам, каб дасягнуць рэальнага спынення вайны», а таксама, што пад кіраўніцтвам Трампа «можна дасягнуць доўгага міру».
Адзначаецца, што Зяленскі папрасіў дадатковую сістэму супрацьпаветранай абароны для абароны цывільнага насельніцтва, сярод іншага комплексы Patriot.
«Прэзідэнт Трамп пагадзіўся супрацоўнічаць з ім, каб знайсці тое, што даступна, напрыклад у Еўропе», – заявілі ў Белым доме.
Таксама амерыканскі прэзідэнт «цалкам праінфармаваў» Зяленскага пра сваю размову з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.
«Яны абмеркавалі сітуацыю ў Курскай вобласці і дамовіліся цесна абменьвацца інфармацыяй паміж сваімі абароннымі ўстановамі з развіццём сітуацыі на полі бою», – дадалі ў Белым доме.