Белы дом заявіў пра «фантастычныя» перамовы Зяленскага і Трампа
19- 19.03.2025, 21:23
- 14,426

Рубіа і Уолц падрыхтавалі заяву паводле вынікаў перамоваў.
Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт падчас брыфінгу ў сераду, 19 сакавіка, зачытала заяву паводле вынікаў перамоваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Заяву падрыхтавалі дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё і дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майк Уолц.
Як сказана ў заяве, прэзідэнты правялі «фантастычную» тэлефонную размову. Зяленскі падзякаваў Трампу за прадуктыўны пачатак працы амерыканскай і ўкраінскай дэлегацый у Джыдзе і адзначыў, што сустрэча значна дапамагла ў працы ў заканчэнні вайны. Зяленскі таксама падзякаваў Трампу за падтрымку з боку ЗША, асабліва за ракеты Javelin. Лідары пагадзіліся, што Украіна і ЗША будуць разам працаваць над дасягненнем сапраўднага заканчэння вайны, і што доўгі мір можа наступіць пад лідарствам Трамп.
Трамп праінфармаваў Зяленскага пра сваю размову з Пуціным і ключавыя тэмы перамоваў. Яны абмеркавалі сітуацыю ў Курскай вобласці і дамовіліся, што абаронныя каманды будуць цесна дзяліцца інфармацыяй.
Зяленскі папрасіў у прэзідэнта ЗША дадатковыя сістэмы СПА для абароны цывільных асобаў, сярод іншага ЗРК Patriot, і Трамп пагадзіўся разам працаваць над пошукам наяўных сістэмаў, «напрыклад у Еўропе».
Прэзідэнты ўзгаднілі частковае спыненне агню па аб'ектах энэргетыкі. Тэхнічныя каманды сустрэнуцца ў Саудаўскай Аравіі ў найбліжэйшыя дні, каб абмеркаваць распаўсюджванне спынення агню на Чорнае мора. Зяленскі і Трамп пагадзіліся, што гэта можа быць першым крокам да поўнага заканчэння вайны і гарантавання бяспекі.
Зяленскі «быў удзячны за лідарства» Трампа і пацвердзіў сваю прыхільнасць поўнаму спыненню агню, сказана ў заяве.
Трамп таксама абмеркаваў украінскае электразабеспячэнне і атамныя электрастанцыі. Ён сказаў, што ЗША маглі б быць вельмі карыснымі ў забеспячэнні працы гэтых станцый. Калі б ЗША валодалі гэтымі станцыямі, гэта было б найлепшай абаронай гэтай інфраструктуры і падтрымкай украінскай энэргетычнай інфраструктуры, заявілі Уолц і Рубіё.
Зяленскі таксама падзякаваў Трампу за гуманітарныя намаганні, сярод іншага нядаўні абмен ваеннапалоннымі. Трамп таксама спытаў Зяленскага пра дзяцей, «зніклых ва Украіне падчас вайны, у тым ліку выкрадзеных», і паабяцаў працаваць з абодвума бакамі, каб забяспечыць вяртанне гэтых дзяцей. Яны пагадзіліся, што ўсе бакі павінны працаваць над забеспячэннем працы спынення агню.
Прэзідэнты адзначылі пазітыўную працу сваіх дарадцаў і камандаў і даручылі прадаўжаць перамовы ў тэхнічных пытаннях для пашырэння частковага спынення агню як мага хутчэй. На наступных сустрэчах каманды могуць узгадніць усе неабходныя аспекты для дасягнення доўгага міру, гаворыцца ў заяве.