Вызначыліся спаборніцы Сабаленкі і Азаранкі на турніры ў Маямі
- 19.03.2025, 21:43
- 1,018

Сабаленка праз высокі пасеў пачне турнір з 1/32 фіналу.
Першая ракетка планеты Арына Сабаленка даведалася пра сваю спаборніцу на турніры WTA 1000, які пройдзе ў Маямі.
Беларуска праз высокі пасеў пачне з 1/32 фіналу, куды прайшла Вікторыя Томава з Балгарыі (№64 WTA).
Яна перамагла ў паядынку першага кола ў амерыканкі Кэці Макнелі (№414 WTA) з лікам 6:3, 2:6, 6:3.
Цікава, што Сабаленка і Томава сустракаліся амаль 10 гадоў таму – на турніры ў Будапешце ў 2016 годзе. Тады беларуска пацярпела паразу.
Калі Арына пройдзе далей, яе будзе чакаць пераможца матчу паміж Магдаленай Фрэнх з Польшчы (№27 WTA) і Аленай-Габрыэлай Рузэ (№102 WTA) з Румыніі.
Беларуска Вікторыя Азаранка (№32 WTA) пачне свой шлях у ноч на 20 сакавіка, супраць украінкі Ангеліны Калінінай (№55 WTA). Іх матч запланаваны не раней за 2-ю паводле беларускага часу.
Пераможца трапіць на чэшку Караліну Мухаву (№14 WTA).