Касмічны апарат Blue Ghost здзейсніў пасадку на Месяц
3- 2.03.2025, 16:23
- 8,808

Ён ужо перадаў на Зямлю здымак.
Пасадачны модуль касмічнага апарата Blue Ghost амерыканскай кампаніі Firefly Aerospace паспяхова здзейсніў пасадку на Месяц. Стыкоўка з паверхняй спадарожніка Зямлі адбылася ў нядзелю, 2 сакавіка, а 03.34 паводле часу Усходняга ўзбярэжжа ЗША (11.34 паводле Менску), паведамляецца на афіцыйным сайце аэракасмічнага агенцтва ЗША NASA.
Касмічны апарат будзе праводзіць даследчыя работы паблізу гары Латрэйль у Моры Крызісаў на светлым баку Месяца. На яго борце, паводле дамоўленасцяў NASA і кампаніі – 10 даследчых прыбораў і інструментаў. Вялікая частка з іх прызначаная для вывучэння рэгаліту (павярхоўнага пласта грунту на Месяцы), месяцовага пылу і розных выпраменьванняў.

Мэта місіі - збор звестак, якія павінны дапамагчы падрыхтоўцы да будучых пілатаваных місій на Месяц. Місія Blue Ghost працягнецца 14 дзён. Аб вяртанні апарата на Зямлю ў агляднай будучыні ў планах кампаніі не згадваецца.
У той жа час Blue Ghost будзе перадаваць на Зямлю графічны кантэнт. Так, у NASA ужо атрымалі здымак, зроблены модулем адразу пасля пасадкі на месяцы0.
Касмічны апарат на Месяц даставіла ракета-носьбіт Falcon 9 амерыканскай кампаніі SpaceX. На борце ракеты таксама знаходзіўся даследчы модуль Hakutro 2 (Resilience), які належыць японскай кампаніі Ispace. Ён будзе прызямляцца ў іншым рэгіёне спадарожніка ў красавіку і павінен даставіць на паверхню Месяца міні-ровэр з даследчым абсталяваннем.
Зыходзячы з таго, што як модулі, так і ракета-носьбіт былі распрацаваныя прыватнымі кампаніямі, місію можна назваць найбуйнейшай камерцыйнай місіяй на Месяц сярод здзейсненых на гэты момант. Тым не менш частка фінансавання праграмы Blue Ghost паступала ад NASA.
"Ад імя ўсёй нашай каманды я хачу падзякаваць NASA за тое, што даверылі Firefly стаць правайдэрам дастаўкі на Месяц", – заявіў у сувязі з пасадкай модуля генеральны дырэктар Firefly Aerospace Джэйсан Кім. Паводле ягоных слоў, паспяховая пасадка Blue Ghost адкрывае далейшыя магчымасці для супрацоўніцтва кампаніі і касмічнага агенцтва, сярод якіх – чаканыя місіі на Марс.
Ужо адпраўлены на Месяц модуль – частка праекта Firefly Aerospace, які ўключае тры месяцовыя місіі Blue Ghost. У 2026 годзе кампанія мае намер адправіць на спадарожнік Зямлі наступны свой апарат - ён павінен здзейсніць пасадку на адваротным баку Месяца. Разам з ім на ракеце-носьбіце на месяцовую арбіту будзе адпраўлены таксама спадарожнік Lunar Pathfinder Еўрапейскага касмічнага агенцтва.