Туск: Еўропа не паддасца на шантаж Пуціна
8- 2.03.2025, 21:19
- 6,470

Прэм'ер Польшчы назваў сустрэчу еўрапейскіх лідараў "гістарычнай".
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск назваў сустрэчу еўрапейскіх лідараў "гістарычнай" і зазначыў, што яна адбылася ў момант "вялікага выкліку для ўсёй Еўропы, а не толькі для ЕЗ і Украіны". Пра гэта паведамляе The Guardian.
Са слоў Туска, сярод удзельнікаў сустрэчы не было сумневаў у тым, "хто з'яўляецца агрэсарам, а хто стаў ахвярай агрэсіі" і на чыім баку павінна быць Еўропа. У той жа час, ён пацвердзіў, што абмяркоўвалася пытанне "ўзяцця на сябе большай адказнасці" за фінансаванне абароны еўрапейскімі краінамі.
Польскі прэм'ер падкрэсліў, што Варшава з'яўляецца лідарам NATO паводле ўзроўню абаронных выдаткаў, накіроўваючы на бяспеку 4,7 працэнта ВУП. Ён таксама выказаў задавальненне тым, што "ўсё больш краін выходзяць за рамкі слоў і дэкларацый і павялічваюць вайсковыя выдаткі".
Туск адпрэчыў меркаванне аб магчымым расколе паміж Еўропай і ЗША, падкрэсліўшы, што гэтага нельга дапусціць.
"На шчасце, усе без выключэння, незалежна ад эмоцый, якія мы можам адчуваць, хочуць, каб трансатлантычныя стасункі паміж ЕЗ і ЗША заставаліся максімальна моцнымі", - заявіў ён.
Гаворачы аб будучым саміце Еўрапейскай рады, Туск выказаў “асцярожны аптымізм”, адзначыўшы, што чакае ад яго “выразнага сігналу для Пуціна і Расеі аб тым, што ніхто на Захадзе не збіраецца паддавацца на шантаж і агрэсію».