20 сакавiка 2025, Чацвер, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пажары, выбухі, эвакуацыя: што адбываецца ў Энгельсе пасля самага масаванага нападу дронаў

13
Пажары, выбухі, эвакуацыя: што адбываецца ў Энгельсе пасля самага масаванага нападу дронаў

Дэтанацыя пачалася раніцай і працягваецца дагэтуль.

У Саратаўскай вобласці скардзяцца на самую масавую атаку дронаў. У сетцы паведамляюць аб прылёце ў раёне аэрадрома «Энгельс», бачныя густыя клубы дыму, выбухі там пачаліся раніцай і працягваюцца, што сведчыць аб магчымай дэтанацыі на складах зброі.

Больш пра масаваны напад дронаў на Энгельс і Саратаў гаворыцца ў матэрыяле РБК-Украіна.

Што вядома аб нападзе на Энгельс і Саратаў

Выбухі ў Саратаве і Энгельсе пачалі раздавацца досвіткам. Паводле інфармацыі маніторынгавых Тэлерам-каналаў, мэтай былі Саратаўскі НПЗ і раён аэрадрома «Энгельс-2» (адлегласць да Энгельса - блізу 700 км ад Украіны.).

Украінскія суполкі, спасылаючыся на звесткі OSINT-аналітыкаў, пішуць, што было траплянне па зброевым складзе вайсковага аэрадрома «Энгельс-2». Гаворка ідзе пра магчымы «прылёт» у склады са зброяй ці БК каля аэрадрома.

Характэрна, што мясцовыя жыхары заяўляюць аб другаснай дэтанацыі пасля ўдару. Яны расказалі, што ўбачылі моцны дым у мікрараёне «3-е лётнае мястэчка» у Энгельсе пасля серыі нападаў беспілотнікаў. Гэты мікрараён размешчаны прыкладна за 10 кіламетраў ад вайсковага аэрадрома «Энгельс-2».

У той жа час мясцовыя расейскія ўлады ўжо скардзяцца на самы вялікі налёт беспілотнікаў на Саратаў і Энгельс за ўвесь час вайны.

Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін заявіў аб пажары на аэрадроме. Паводле ягоных слоў, праз гэта абвясцілі эвакуацыю жыхароў прылеглых да вайсковага аэрадрома дамоў. У Энгельскім раёне праз напады ўжо ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі муніцыпальнага ўзроўню.

Акрамя таго, мясцовыя ўлады скардзяцца на пашкоджанне больш як 30 дамоў, лякарні, двух дзіцячых садкоў і школы. Маўляў, зазанлі два чалавекі. У Энгельсе школы пераведзеныя на дыстанцыйнае навучанне.

Расейскія прапагандысцкія Тэлеграм-каналы Mash і Shot уначы паведамілі, што «праз абломкі упаў дрон» таксама ўзнік пажар у раёне нафтабазы ў Энгельсе. Мясцовыя ўлады гэта так і не пракаментавалі. Аднак у сеціве распаўсюджваюць кадры, дзе гарыць аб'ект, падобны на паліўны.

Паведамляюць, што гукі выбухаў падчас атакі дронаў чулі і жыхары Саратава. У Расавіяцыі заяўлялі аб часовым спыненні працы аэрапортаў Саратава і Самары.

Усяго за ноч, як сцвярджаюць расейцы, над Саратаўскай вобласцю было "збіта" 54 дроны. Акрамя гэтага, беспілотнікі былі нібы збітыя над Варонежскай, Белгарадскай, Растоўскай, Курскай і Ліпецкай абласцямі, а таксама акупаваным Крымам. Са звестак Мінабароны РФ усяго, маўляў, за ноч «знішчана 132 беспілотнікі».

Чым для Расеі важны аэрадром «Энгельс»

Адзначым, што авіябаза «Энгельс-2» размешчаная ў Саратаўскай вобласці Расеі і з'яўляецца адным з ключавых аб'ектаў для стратэгічнай авіяцыі РФ. На гэтай базе дыслакуюцца стратэгічныя бамбавікі, Ту-95МС і Ту-160, якія Расея выкарыстоўвае для запускаў ракет па Украіне.

Яшчэ ў канцы першага года поўнамаштабнай вайны ўкраінскія дроны дабраліся да авіябазы «Энгельс-2». У выніку атакі тады быў пашкоджаны сама меней адзін стратэгічны бамбавік. Гэты напад прымусіў расейскае камандаванне скараціць прысутнасць стратэгічнай авіяцыі на гэтай базе.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках