З Чырвонага касцёла ў Менску ўжо некалькі дзён вывозяць рэчы
9- 20.03.2025, 15:01
- 4,412

Ад прыходу запатрабавалі вывезці нават арган.
Увесь тыдзень, з панядзелка 17 сакавіка, працягваецца вываз з закрытага Чырвонага касцёла ў Менску маёмасці парафіі святога Сымона і святой Алены. Нагадаем, вызваленне будынка ад усіх рэчаў было ўмовай улад для пачатку рамонту святыні, піша katolik.life.
Ад прыходу запатрабавалі вывезці цалкам усе рэчы, нават самыя грувасткія - гэта і лавы, і органы, і некалькі фартэпіяна, і вялікія іконы, і бібліятэку, і копію Турынскай плашчаніцы.
Як стала вядома вернікам, транспартаваннем займаецца сама парафія, маёмасць размяркоўваюць па іншых касцёлах, у тым ліку ў Менскім раёне, бібліятэка адвезена ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр.
Са слоў вернікаў, за тыя 2,5 гады, пакуль храм стаяў закрытым, некаторыя памяшканні сапраўды сталі патрабаваць рамонту — туды дабралася вільгаць, бо некалькі разоў прарывала водаправод, а ўлетку памяшканні ніхто не праветрываў і не адпампоўваў ваду са склепа пасля дажджоў.