Bloomberg: Макрон рыхтуецца да сутыкнення з Трампам праз Украіну
11- 20.03.2025, 15:03
- 4,998

Палітык гатовы бараніць прынцыпы Еўропы і не ісці на ўгоды з Крамлём.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у апошнія месяцы імкліва набірае палітычную вагу, становячыся ключавым лідарам Еўропы і адным з самых цвёрдых сурольнікаў Украіны і Уладзіміра Зяленскага.
У той час як Дональд Трамп спрабуе прасунуць паспешлівыя дамоўленасці з Расеяй і спыніць вайну ўсялякім коштам, Еўропа ўсё больш выразна абазначае сваю прынцыповую пазіцыю - ніякіх саступак вайсковаму злачынцу Пуціну.
Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg.
Пасля леташніх парламенцкіх выбараў, на якіх ён страціў большасць, Макрон некалькі месяцаў засяродзіўся на ўнутраных праблемах. Аднак зараз, калі гаворка ідзе пра лёс усёй Еўропы, ён зноў апынуўся ў цэнтры глабальнай палітыкі.
На саміце лідараў Еўразвязу ў Брусэлі ён выступае ключавой фігурай, збіраючы вакол сябе супольнікаў для падтрымкі Кіева.
Канфлікт з Трампам становіцца непазбежным
Планы Макрона, аднак, ідуць насуперак з прапановамі Трампа, які, са звестак Bloomberg, спрабуе выкарыстоўваць спыненне агню як платформу для аднаўлення дзелавых стасункаў з Расеяй.
У тэлефоннай размове з Трампам Пуцін наўпрост запатрабаваў спыніць пастаўкі зброі Украіне, фактычна змушаючы Еўропу і Францыю адмовіцца ад мабілізацыі і дапамогі Кіеву. Але, як заявіў высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік агенцтву Bloomberg, краіны Еўропы не пойдуць на выкананне гэтых умоў.
Прэс-сакратарка французскага ўрада Сафі Прымас ужо назвала гэтыя патрабаванні "нерэалістычнымі", падкрэсліўшы, што Макрон штодня вядзе перамовы як з Трампам, так і з Уладзімірам Зяленскім.
Кааліцыя смелых
Пакуль Трамп намагае на хуткім замірэнні, Макрон разам з брытанскім прэм'ерам Кірам Стармерам збірае кааліцыю з 37 краін, якія рыхтуюцца даць Украіне вайсковую дапамогу нават пасля ўкладання фармальнага спынення агню.
У Парыжы ўжо адбыліся сустрэчы міністраў абароны ключавых еўрапейскіх дзяржаў і прадстаўнікоў больш як 30 краін.
Лідар Еўропы і Украіна
Як адзначае палітычны экспэрт Меладзі Мак-Груэ ў інтэрв'ю Bloomberg, "сусветныя падзеі вярнулі Макрону аўтарытэт".
Французскі прэзідэнт заняў пазіцыю палітыка, гатовага бараніць прынцыпы Еўропы і не ісці на ўгоды з Крамлём, якія маглі б паставіць пад пагрозу ўкраінскую незалежнасць і будучыню ўсяго Еўрапейскага кантынента.
Асабістыя перамовы з Трампам
Са звестак крыніц Bloomberg, Макрон ужо правёў працяглую асабістую размову з Трампам пасля апошняга саміту ЕЗ. Французскі лідар, які ведае характар былога і цяперашняга амерыканскага прэзідэнта, упэўнены, што асабістыя аргументы і давер могуць адыграць ключавую ролю.
«Трамп рэдка слухае, але калі правільна падабраць словы, яго можна пераканаць», – паведамляюць блізкія да Макрона крыніцы.
З улікам жорсткай пазіцыі Францыі, Вялікабрытаніі і шэрагу іншых краін ЕЗ становіцца відавочна: Еўропа не гатова ахвяраваць бяспекай Украіны дзеля сумнеўных дамоўленасцяў з Пуціным. Еўропа паказвае цвёрдасць, якой Расеі будзе вельмі цяжка супрацьстаяць.