21 сакавiка 2025, Пятніца, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Швэцыя рыхтуе спецназ для вайны з Расеяй у Арктыцы

1
Швэцыя рыхтуе спецназ для вайны з Расеяй у Арктыцы

Брыгада арктычнага спецназа - самае хуткарослае падраздзяленне швэдскага войска.

Швэцыя толькі год таму ўступіла ў NATO, але ўжо рыхтуецца супрацьстаяць Расеі - і больш актыўна ў тым рэгіёне, дзе ўзброеныя сілы абедзвюх краін валодаюць магутным патэнцыялам. Арктыка набывае асаблівае значэнне як у вайсковай, так і ў эканамічнай сферы.

Брыгада арктычнага спецназа - самае хуткарослае падраздзяленне швэдскага войска, распавядае The Wall Street Journal. Яно рыхтуецца супрацьстаяць Расеі, якая можа праявіць агрэсію дзеля ўмацавання пазіцый свайго Паўночнага флоту, альбо будзе спрабаваць атрымаць кантроль над прыроднымі рэсурсамі, доступ да якіх адкрываецца праз глабальнае пацяпленне.

«Цяпер іх сілы і сродкі на крайняй поўначы абмежаваныя праз вайну ва Украіне, але як толькі там установіцца мір і яны стануць выводзіць адтуль войска, пачнецца адлік часу для астатняй Еўропы», – сказаў WSJ падпалкоўнік Матыяс Вайніёнпаа, намеснік камандзіра брыгады арктычнага спецназа.

Хоць Швэцыя не мяжуе з Расеяй, толькі некалькі сотняў кіламетраў праз тэрыторыю Фінляндыі аддзяляюць яе ад Кольскага паўвострава, і вузкая палоска нарвежскай зямлі - ад узбярэжжа Нарвежскага мора. На Кольскім паўвостраве, у Севераморску (Мурманская вобласць), знаходзіцца база Паўночнага флоту ВМФ Расеі, у чые асноўныя задачы ўваходзіць падтрыманне ў сталай гатоўнасці марскіх стратэгічных ядзерных сіл у інтарэсах ядзернага стрымлівання.

У лютым 2023 г. нарвежская выведка паведаміла ў штогадовым дакладзе, што караблі і падлодкі Паўночнага флоту ўпершыню за 30 гадоў сталі выходзіць у мора на баявое дзяжурства з тактычнай ядзернай зброяй на борце. Яна «ўяўляе асабліва сур'ёзную пагрозу ў некалькіх аператыўных сцэнарах, у якіх могуць удзельнічаць краіны NATO», гаварылася ў дакладзе.

Хоць, як паказала аперацыя «Кіеў за тры дні», расейскае войска апынулася дрэнна падрыхтаваным да вядзення баявых дзеянняў, а ў наступныя тры гады вайны ва Украіне страціла больш за 20 800 адзінак вайсковай тэхнікі і, паводле апошніх ацэнак, амаль 800 000 чалавек забітымі і параненымі, яе арктычная групоўка, яе арктычная групоўка, уключаючы Паўночны флот, захоўвае высокую баяздольнасць, мяркуюць заходнія вайскоўцы.

Швэцыя таксама дапамагае рыхтавацца да вайны ў Арктыцы сваім хаўруснікам па NATO; так, у спецыяльным субарктычным цэнтры падрыхтоўку праходзяць амерыканскія жаўнеры.

Яшчэ адзін фактар, які прымушае Швэцыю і іншыя заходнія краіны быць напагатове, - глабальнае пацяпленне. Праз раставанне льдоў адкрываюцца новыя транспартныя маршруты і тэрыторыі, багатыя на карысныя выкапні. «За іх таксама будзе весціся барацьба», – кажа Вайніёнпаа.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках