Расея магла вывезці сваю вайсковую тэхніку з Сірыі
- 20.03.2025, 18:20
- 3,924

Яе нібыта перакінулі ва Украіну.
Пасля падзення рэжыму Башара Асада Расея магла перакінуць сваю вайсковую тэхніку ва Украіну.
Аб гэтым у чацвер, 20 сакавіка, піша The Moscow Times.
Як паведамляецца, брытанскія ВМС і Каралеўскі флот на гэтым тыдні зафіксавалі перамяшчэнне расейскіх вайскоўцаў і грузавых караблёў праз Ла-Манш.
Гэты канвой можа скончыць эвакуацыю тэхнікі з вайскова-марской базы Расеі ў сірыйскім порце Тартусе і адначасова перавозіць узбраенне, прызначанае для фронту ва Украіне, паведамляе выданне са спасылкай на брытанскіх OSINT-назіральнікаў (UK Forces Tracker і Navylookout).
Сірыйскі канвой таксама суправаджала дэсантнае судна Аляксандр Шабалін. У якасці грузавога карабля выкарыстоўвалася судна Maia-1 - 138-метровы карабель, які трапіў пад санкцыі за перавозку артылерыйскіх набояў з КНДР, адзначаецца ў публікацыі.
Maia-1 рухалася ззаду караблёў Sparta IV і Ззянне Поўначы. Усе яны, паводле звестак заходніх выведак, маглі перавозіць вайсковае абсталяванне з Сірыі.
Канвой стаў адной з найбуйнейшых груп расейскіх суднаў, зафіксаваных у тэрытарыяльных водах Вялікай Брытаніі і Францыі з пачатку вайны РФ супраць Украіны. Вываз зброі з базы ў Тартусе пачаўся пасля змены ўлады ў Сірыі ў снежні 2024 года і зрынання рэжыму Башара Асада, нагадваюць журналісты. Новы лідар Сірыі Абу Мухамад аль-Джулані сігналізуе аб гатоўнасці захаваць расейскую базу ў абмен на эканамічную падтрымку.
Масква вядзе перамовы з новым сірыйскім кіраўніцтвам аб пераглядзе пагаднення аб статусе войск.