DW: У ЕЗ адмовіліся ад канфіскацыі замарожаных актываў РФ
12- 20.03.2025, 19:49
- 6,368

Еўрачыноўнікі заявілі, што актывы павінны «заставацца без руху».
Еўрапейскі Звяз адмовіўся ад канфіскацыі замарожаных актываў РФ, вынікае з заявы, апублікаванай на сайце Еўрапейскай рады пасля саміту, які адбыўся 20 сакавіка ў Брусэлі.
«Згодна з заканадаўствам ЕЗ, расейскія актывы павінны заставацца замарожанымі, пакуль Расея не спыніць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны і не кампенсуе ёй шкоду, прычыненую гэтай вайной», — тлумачаць у тэксце.
Еўрачыноўнікі адзначаюць, што афіцыйны Брусэль «гатовы ўзмацніць ціск» на Расею, прынамсі, шляхам увядзення далейшых санкцый і ўзмацнення кантролю за выкананнем - «каб аслабіць яе здольнасць працягваць весці агрэсіўную вайну».
«Еўрапейскі Звяз і яго дзяржавы-сябры будуць садзейнічаць мірнаму працэсу і дапамогуць забяспечыць справядлівы і трывалы мір для Украіны, што адпавядае інтарэсам як Украіны, так і Еўропы агулам», - рэзюмуецца ў дакуменце.
Як піша DW, некалькі краін ЕЗ выступалі супраць канфіскацыі больш чым 200 млрд еўраў расейскіх актываў. У якасці аргументаў яны прыводзілі заканадаўства ЕЗ, небяспеку прэцэдэнту для еўрапейскай канкурэнтаздольнасці на рынку фінансавых паслуг, неабходнасць дапамагаць Украіне, выкарыстоўваючы адсоткі ад гэтых сродкаў, а таксама той факт, што актывы з'яўляюцца «рычагом уплыву» на перамовах з Расеяй.