Прэзідэнткай Міжнароднага алімпійскага камітэта ўпершыню ў гісторыі стала жанчына
8- 20.03.2025, 19:57
- 5,958

МАК узначаліла двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў плаванні Кірсці Ковентры з Зімбабвэ.
Двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў плаванні Кірсці Ковентры з Зімбабвэ абраная 10-й прэзідэнткай Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Яна стала першай жанчынай і першай прадстаўніцай Афрыкі на гэтай пасадзе.
Выбары адбыліся на 144-й сесіі МАК на грэцкім курорце Коста Наварына. Прэзідэнт абіраецца на 8 гадоў. Ковентры змяніла на гэтай пасадзе немца Томаса Баха, які ўзначальваў МАК з 2013 года. Яна заступіць на пасаду прэзідэнткі 24 чэрвеня.
«Я зраблю так, каб вы ўсе вельмі-вельмі ганарыліся і, спадзяюся, былі абсалютна ўпэўненыя ў пастанове, якую прынялі», – сказала Ковентры і падзякавала іншым кандыдатам на пасаду.
Ковентры 41 год. Яна перамагла на Алімпіядах у Афінах і Пекіне на 200-метроўцы на спіне. Таксама на яе рахунку чатыры срэбры і адна бронза Алімпіядаў і тры перамогі на чэмпіянатах свету.
Ковентры абралі ўдзельніцай МАК у камісію спартоўцаў (2013–2021 гады), з 2023-га ўвайшла ў выканкам арганізацыі.
Іншымі кандыдатамі былі віцэ-прэзідэнт МАК гішпанец Хуан Антоніа Самаранч-малодшы, прынц Іярданіі Фейсал ібн Хусейн, а таксама кіраўнікі міжнародных федэрацый: брытанец Себасцьян Коў (World Athletics), японец Марынары Ватанабэ (гімнастыка, FIG), француз Давід Лапарцьян (веласпорт, UCI), швэд Юхан Эліяш (лыжны спорт і сноўборд, FIS).