Bloomberg: У міратворчую місію ва Украіне ўвойдуць авіяцыя, флот і сухапутныя войскі хаўруснікаў
6- 20.03.2025, 20:58
- 4,652

Вялікая Брытанія актывізуе намаганні для стварэння міжнароднай кааліцыі.
Заходнія хаўруснікі пачалі перамовы з мэтай распрацоўкі дэталёвых ваенных планаў для міратворчых сілаў на чале з Англіяй і Францыяй, актывізуючы падрыхтоўку да патэнцыйнага перамір'я ва Украіне, нягледзячы на тое, што дыктатар РФ Уладзімір Пуцін аспрэчвае поўнае спыненне агню.
Пра гэта інфармуе Bloomberg.
Адзначаецца, што Вялікая Брытанія актывізуе намаганні для стварэння міжнароднай кааліцыі, якая будзе гарантаваць бяспеку Украіны пасля заканчэння баявых дзеянняў. Размова ідзе пра размяшчэнне еўрапейскіх ваенных падраздзяленняў, а таксама пра абарону паветранай і марской прасторы краіны.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер у чацвер будзе ўдзельнічаць у другой сустрэчы міністраў абароны і камандзіраў узброеных сілаў еўрапейскіх краінаў, дзе будуць абмяркоўваць дэталі міратворчай місіі.
Паводле словаў намесніка міністра абароны Брытаніі Люка Поларда, галоўная мэта кааліцыі – стварыць «надзейную сілу», якая дазволіць Украіне ўмацоўваць мір, аднаўляцца і ўзмацняць сваю абароназдольнасць.
Удзел у кааліцыі гатовыя ўзяць блізу 30 краінаў, у тым ліку Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя і Японія.
Цяпер абмяркоўваецца пытанне размяшчэння брытанскіх Typhoon, іх дазапраўкі і абслугоўвання, а таксама іх спалучэнне з рэсурсамі, якія прапануюць іншыя хаўруснікі.
Паводле падлікаў брытанскіх ваенных экспертаў, 120 еўрапейскіх знішчальнікаў могуць эфектыўна замяніць больш за 10000 вайскоўцаў на зямлі, закладваючы аснову для доўгатэрміновых гарантый бяспекі Украіны.