Талібы вызвалілі амерыканца Джорджа Глезмана, выкрадзенага ў 2022 годзе
3- 20.03.2025, 21:10
- 3,246

У перамовах пра ягоны лёс удзельнічаў Катар.
Кіроўны ў Афганістане радыкальны рух «Талібан» вызваліў грамадзяніна ЗША Джорджа Глезмана, які быў выкрадзены больш за два гады таму падчас падарожжа па краіне ў якасці турыста.
У распаўсюджанай у чацвер заяве Дзярждэпартамента ЗША гаворыцца, што вызваленне Глезмана адбылося ў рамках угоды з адміністрацыяй амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа. Дамоўленасць, як адзначаецца, была дасягнутая пры пасярэдніцтве перамоўнікаў з Катара.
Джордж Глезман, механік кампаніі Delta Airlines з Атланты, стаў трэцім амерыканцам, якога талібы вызвалілі са студзеня гэтага года. Урад ЗША называў Глезмана «неправамерна затрыманым». Цяпер ён ужо на шляху дадому, паведаміў кіраўнік Дзярждэпартамента Марка Рубіё. Вызваленне амерыканца ён назваў «пазітыўным і канструктыўным крокам» і паабяцаў, што адміністрацыя Трампа прадоўжыць працу вызвалення «несправядліва ўтрыманых» грамадзянаў ЗША па ўсім свеце.
Талібы раней назвалі вызваленне Глезмана, якому больш за 60 гадоў, часткай намаганняў «нармалізацыі» стасункаў паміж Вашынгтонам і Кабулам пасля спешнага вываду з Афганістана войскаў ЗША ў 2021 годзе. Урад талібаў, якія вярнуліся тады да ўлады ў Афганістане, дагэтуль не прызнаюць большасць краінаў. У шэрагу дзяржаваў рух прызнаны тэрарыстычным.
Вызваленне 21 студзеня з афганскага зняволення амерыканцаў Раяна Корбета і Уільяма Макенці – у абмен на асуджанага ў ЗША таліба Хан Махамеда – было ўзгоднена таксама пры пасярэдніцтве Катара ў апошнія дні працы ранейшай амерыканскай адміністрацыі на чале з Джо Байдэнам.