Forbes раскрыў сакрэт паспяховых удараў УСУ па расейскіх авіябазах
- 21.03.2025, 8:56
- 12,338

Як гэта стала магчымым?
Атака беспілотнікаў на аэрадром Энгельс у Расеі, ужо трэцяя за 10 тыдняў, дэманструе паспяховую ўкраінскую стратэгію ў пазбяганні расейскіх удараў - "лягчэй прадухіліць, чым адбіць".
Як піша аналітык Forbes Дэвід Акс, падобную стратэгію выкарыстоўвалі амерыканцы ў Іраку і Афганістане. Каб прадухіліць засады з прыдарожнымі бомбамі, яны навучыліся апярэджваць праблему і адсочваць людзей, якія выраблялі і распаўсюджвалі бомбы.
"Яны імкнуліся быць "лявей" за атаку па часовай шкале злева направа. Спрабуючы перахапіць расейскія бомбы, ракеты і беспілотнікі ў моманты перад тым, як яны ўдараць - збольшага праз нястачу найлепшых амерыканскіх і еўрапейскіх ракет СПА - украінцы таксама цэляцца "лявей", - адзначае Акс.
У чым сакрэт поспеху?
Пры гэтым Акс зазначае, што магчымымі такія папераджальныя ўдары Украіны робіць поўная няздольнасць расейскай СПА адаптавацца да пагрозы з боку невялікіх беспілотнікаў.
“Дрон UkrSpecSystems PD-1, быў заўважаны нізка над Саратавам непасрэдна перад або пасля выбуху Энгельса. PD-1 мог даставіць невялікую выбуховую карысную нагрузку ў рамках удару. Ці ён мог весці назіранне ў інтарэсах экіпажаў ударных беспілотнікаў. У кожным выпадку, ён бесперашкодна праляцеў над адной з найважнейшых баз расейскіх ВПС”, - адзначае ён.
Прабелы ў расейскай і ўкраінскай СПА - гэта нерасказаная гісторыя, якая стаіць за бамбаваннямі Расеяй украінскіх гарадоў і рэйдамі ўкраінскіх беспілотнікаў, паказвае экспэрт.
Украіна мае ўсяго шэсць ЗРК Patriot і дзве батарэі SAMP/T, і не можа з іх дапамогай абараніць усе свае населеныя пункты. Так што ў яе няма выбару, акрамя як нацэльвацца на паліва і боепрыпасы расейскіх бамбавікоў, адзначае Акс, падкрэсліваючы, што “налёты на авіябазы паспяховыя толькі настолькі, наколькі беспаспяховая ўласная расейская СПА”.