«У Полацку і Наваполацку прайшла эпідэмія і ядзерная вайна?»
12- 21.03.2025, 9:42
- 19,042

Медык расказаў пра што маўчыць Міністэрства аховы здароўя.
Днямі міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў заявіў, што беларускія медработнікі атрымліваюць "годны" заробак. І нават назваў, які.
Са слоў чыноўніка, «сярэдні заробак лекара ў нашай краіне складае 3189 рублёў», і гэта блізка да ўсталяваных мэтавых паказчыкаў: 150% ад сярэднерэспубліканскага заробку.
Пра тое, наколькі можна верыць заявам міністра, «Філін» спытаў намесніка прадстаўніцы АПК у сацыяльнай палітыцы, лекара і аднаго з лідараў незалежнага прафзвязу медыкаў Станіслава Салаўя.
Медык адзначыў, што мы маем справу з даволі тыповым для ўладаў выпадкам: маніпуляцыі лічбамі, недагаворкі і спробы падаць справу так, што калі адзін чалавек есць мяса, а іншы капусту, то ў сярэднім абодва ядуць галубцы.
- Лічаць яны выдатна - але значная частка медыкаў працуе на 1,5 стаўкі, гэта значыць, чыноўнікі маюць 8-гадзінны працоўны тыдзень, а медыкі ў паўтара разы большы, і гэта ўважаецца за норму, - кажа наш суразмоўца. — Плюс, фактычна, узаконілі шасцідзёнку (калі пачалі праводзіць платныя аперацыі на выходных) — гэта ўвогуле ўзор паншчыны.
Што тычыцца нібыта высокага сярэдняга заробку, Станіслаў проста падчас нашай размовы адкрывае сайт вакансій і агучвае рэальныя грошы, якія наймальнікі абяцаюць лекарам у Менску: ад 1,7 да 3,5 тысяч рублёў да выліку падаткаў, толькі ў прыватных медцэнтрах прапануюць да 5 тысяч рублёў.
- Яшчэ раз падкрэслю: да выліку падаткаў (а ў нас людзі звыклі, кажучы аб заробках, што гэта «чыстыя» грошы, таму што падаткі ў асноўным плацяцца наймальнікам). Гэта таксама пакідае пэўныя шчыліны ў разліках. Але сума, якую атрымліваюць людзі на рукі, будзе меншай.
Безумоўна, у Беларусі ёсць лекары, якія вельмі добра зарабляюць нават у дзяржаўных клініках, гаворыць Станіслаў Салавей — тыя, хто робіць платныя аперацыі, надае дапамогу іншаземцам, экспарт медпаслуг, хто працуе ў транспланталогіі і г.д.
Але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. А пошук у рэспубліканскай базе вакансій па рэгіёнах выдае зусім іншую карціну: напрыклад, у Верхнядзвінскай ЦРБ ужо тры гады (!) шукаюць лекара-нарколага заробак 1300-1400 рублёў - не дзіва, што не знаходзяць? А яшчэ стаматолага, эндакрынолага, анестэзіёлага, неўролага…
Ёсць яшчэ некалькі важных «але», дадае суразмоўца «Філіна». Па-першае, заробкі беларускіх лекараў, хоць сапраўды вышэйшыя за сярэднія ў краіне, моцна саступаюць суседнім краінам. І няхай у Польшчы выдаткі на жыццё вышэйшыя, але пасля аплаты рахункаў грошай у лекара застаецца больш. А нагрузка пры гэтым - меншая, ніякіх паўтары стаўкі, бясконцых «мне толькі спытаць» і выклікаў хуткай дапамогі, як таксі.
- Стэндап аднаго састарэлага актора аб тым, што ў Беларусі лекары хочуць атрымліваць, як на Захадзе, а працаваць, як у нас, справядлівы з дакладнасцю да наадварот: беларускія лекары працуюць больш, а атрымліваюць менш, - канстатуе Салавей.
Па-другое, меры, якія робіць Міністэрства аховы здароўя, каб запаволіць адток медыкаў, драконаўскія. Улады павялічваюць набор «мэтавікоў» і падаўжаюць размеркаванне, не выдаюць дакументы для спрошчанага прафесійнага пераезду лекараў — фактычна, засталося толькі забіраць дыпломы ў выпускнікоў ці не аддаваць пашпарты, каб «прыкаваць» да працоўнага месца.
Але гэта не выйсце: калі не стварыць умовы на месцах, людзі ўсё адно будуць з'язджаць, як мінімум у Менск, а як максімум, яшчэ на этапе выбару ВНУ аддаваць перавагу не беларускаму і рабскаму размеркаванню, а таму ж польскаму — і еўрапейскаму дыплому плюс свабоду выбару.
Значыць, зменшыцца першапачатковы ўзровень студэнтаў, матывацыя маладых лекараў, колькасць медсясцёр і фельчараў, на якіх шмат у чым трымаецца сістэма аховы здароўя.
Па-трэцяе - калі лекары зарабляюць больш, то часцей за ўсё за дадатковую нагрузку, выконваючы тыя ж платныя аперацыі на выходных. І самае сумнае, што многія з іх гэтаму рады: ёсць магчымасць зарабіць нармальныя грошы. Хоць фактычна гаворка ідзе пра «мясасечку» ў дачыненні да медыкаў, значная частка з іх выгарае і сыходзіць з прафесіі.
Але ўлады ставяцца да лекараў не як да каштоўных кадраў, а як «працоўных рэсурсаў». Нядаўна Наталлі Качанавай паскардзіліся на нястачу вузкіх спецыялістаў у Полацку і Наваполацку. «Усе магчымыя меры для ўкамплектавання прымаюцца», — запэўніла чыноўніца, паабяцаўшы даслаць 57 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
- Гэта што наогул за стаўленне: возьмем, як жывёлу з хлява, перашлём з пункта А ў пункт Б?! - абураецца Станіслаў Салавей. - І ніхто не пытаецца: а чаму там няма лекараў? Што, эпідэмія прайшла ў Полацку і Наваполацку, ядзерная вайна? Куды падзеліся лекары? І можа, трэба не «дасылаць» іх, а зрабіць так, каб яны адтуль не з'язджалі, даць нармальныя ўмовы жыцця, нармальныя заробкі - гэта развяжа палову праблем.
У той жа Польшчы, Нямеччыне, Аўстрыі невялікія мястэчкі папулярныя, людзі з буйных гарадоў спакойна прыязджаюць туды жыць і працаваць. А ў Беларусі ёсць Менск і больш нічога. Вось з гэтым трэба змагацца.
Каб праца дзе-небудзь у Мар'інай Горцы ці Краснаполлі не разглядалася як месцам высылкі, і ў чалавека на сцяне не вісеў каляндарык, у якім ён будзе адзначаць, колькі дзён яму засталося на гэтай катарзе.
Але рэч у тым, што кожная рэформа сістэмы зараз выкліча кароткачасовае пагаршэнне. А мы выдатна разумеем, якая мэта ў міністра Хаджаева: не зрабіць ахову здароўя лепшай, а сядзець у сваім крэсле як мага даўжэй, атрымліваць міністэрскі заробак. І асноўным крытэрам адзнакі яго працы будзе меркаванне аднаго чалавека. Той убачыць лічбы: у Хойніках лекары ёсць, добра. А тое, што яны слаба падрыхтаваныя, працуюць за траіх - ужо не мае значэння.