Будынак «Polska Macierz Szkolna» ў Гародні хочуць аддаць консульству РФ
7- 21.03.2025, 10:19
- 6,052

Гэта была адна з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце.
Расейскае консульства ў Гародні можа размясціцца ў будынку на Гараднічанскай, 40. Раней тут была «Polska Macierz Szkolna» і грамадскі ліцэй імя Элізы Ажэшкі. Аб гэтым піша Wirtualna Białoruś са спасылкай на свае крыніцы.
Выданне публікуе здымак будынка, на якім можна ўбачыць элементы інфраструктуры, характэрныя для консульства: будку аховы на ўваходзе, агароджу і сістэму відэаназірання.

Фото: wb24.org
Будынак польскай меншасці ў Гародні можа стаць расейскім консульствам.
Фота: wb24.org
Polska Macierz Szkolna дзейнічала з 1995 года. Гэта была адна са старэйшых польскіх арганізацый Беларусі і адна з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце. Пры ёй быў грамадскі ліцэй для вывучэння польскай мовы, гісторыі і культуры. Колькасць вучняў даходзіла да 2100 чалавек за год.
Акрамя таго пры Polska Macierz Szkolna працавала бібліятэка, універсітэт трэцяга ўзросту для паджылых людзей, клуб жанчын “Гараднянка” і іншыя ініцыятывы. Арганізацыя арганізоўвала метадычныя канферэнцыі для настаўнікаў школ і дзіцячых садоў, конкурсы для дзяцей і падлеткаў.
У 2021 годзе на хвалі ціску на грамадскія арганізацыі (у тым ліку аб'яднанні нацыянальных меншасцяў) Polska Macierz Szkolna абвінавацілі ў незаконнай дзейнасці ў сферы адукацыі. А ў 2022-м і ўвогуле ліквідавалі, налічыўшы ёй 300 тысяч рублёў штрафу і 500 тысяч рублёў нявыплачаных падаткаў.