22 сакавiка 2025, Субота, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Урадавыя войскі ў Судане ўзялі пад кантроль сталіцу Хартум і прэзідэнцкі палац

2
Урадавыя войскі ў Судане ўзялі пад кантроль сталіцу Хартум і прэзідэнцкі палац

Гэта пераломны момант у грамадзянскай вайне.

Суданскае войска ўзяло пад кантроль сталіцу краіны Хартум і прэзідэнцкі палац, якія раней кантралявалі паўстанцкія Сілы хуткага рэагавання (СХР). Аб гэтым піша BBC.

У сацсетках з'явіліся фота і відэа суданскіх вайскоўцаў у цэнтры горада і непасрэдна ў прэзідэнцкім палацы. Праект BBC Verify пацвердзіў сапраўднасць відэа і адзначае, што яны сапраўды былі знятыя ў сталіцы Судана. На некаторых кадрах бачна, як жаўнеры моляцца перад уваходам у палац. Відавочна, суданскае войска вяртае пад свой кантроль сталіцу, адкуль два гады таму было выціснутае паўстанцамі СХР.

Аб узяцці войскам палаца паведамляе таксама міністр інфармацыі Судана Халед аль-Айсер:

«Сёння быў узняты сцяг, вернуты палац, і наш шлях працягваецца - да поўнай перамогі», - напісаў ён у Х (Twitter).

У той жа час паўстанцкія сілы ў сваёй заяве сцвярджаюць, што бітва за прэзідэнцкі палац яшчэ не скончаная: «Нашы доблесныя сілы па-ранейшаму сканцэнтраваныя ў непасрэднай блізкасці ад гэтага раёна», — гаворыцца ў заяве, якую цытуе ВВС. Паведамляецца таксама, што ўжо заняты ўрадавымі войскамі палац атакавалі беспілотнікі. Загінулі як мінімум двое вайскоўцаў і тры журналісты мясцовага Sudan TV.

Выданне таксама зважае, што пераход сталіцы пад кантроль урадавых войск яшчэ не азначае канец вайны. СХР па-ранейшаму захоўвае кантроль над значнай часткай краіны на паўднёвым захадзе.

Грамадзянская вайна ў Судане пачалася ў красавіку 2023 года праз барацьбу за ўладу паміж суданскім войскам і Сіламі хуткага рэагавання - ваенізаванай арганізацыяй, якая да 2023 года падпарадкоўвалася ўраду краіны. Гэта адбылося перад запланаваным пераходам да мірнага кіравання, пасля таго як фактычны лідар краіны Абдэль Фатах аль-Бурхан, які кіраваў Суданам пасля ваеннага перавароту 2021 года, пасварыўся са сваім намеснікам Дагала. Апошні пасля гэтага выйшаў з Пераходнай суверэннай рады (часовы дзяржаўны орган, створаны пасля перавароту) і ўзяў на сябе камандаванне СХР.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках