Лукашэнка рыхтуецца да вайны?
19- 22.03.2025, 22:39
- 38,320

Пра гэта сведчаць у тым ліку дзяржаўныя закупкі.
Берасцейскі гарвыканкам праз сайт дзяржаўных закупак набыў 18 вайсковых тэрмасаў амаль за 10 тысяч рублёў. Раней берасцейскія чыноўнікі закуплялі ўцепленыя боты, саколкі, майткі, шаўроны і бронекамізэлькі. Журналісты BGmedia расказваюць, якую інфармацыю раскрыў новы тэндар.
Амаль 10 тысяч рублёў на 18 вайсковых тэрмасаў
Берасцейскі гарвыканкам размясціў тэндар на сайце дзяржаўных закупак 17 сакавіка, а закрылі яго 19-га. За 18 вайсковых тэрмасаў з бюджэту заплацілі 9 977,4 рублі. Гэта значыць, адзін тэрмас каштуе 554,3 рубля.
.jpg)
Адметны і адрас, куды іх трэба даставіць на наступным тыдні з 24 па 28 сакавіка. Гэта не будынак гарвыканкама на вуліцы Энгельса, а будынак КУП "Брэсцкае спецыялізаванае прадпрыемства" на вуліцы Фартэчная, 115.
У адным з дакументаў пазначана, што патрэбныя тэрмасы аб'ёмам 36 літраў. Матэрыял колбы - нержавейная сталь, матэрыял корпуса - афарбаваная сталь.
Журналісты паспрабавалі знайсці ў інтэрнэце тэрмасы, якія набыў Берасцейскі гарвыканкам. Напрыклад, так выглядае вайсковы тэрмас аб'ёмам 36 літраў ад расейскага вытворцы «Дарба». За адзін такі просяць амаль 456 рублёў.

Такі ж тэрмас можна купіць на сайце gastrobiznes.by за 525 рублёў.
На ozon.by знайшлі яшчэ адзін вайсковы тэрмас аб'ёмам 36 літраў. Ён прызначаны для ежы і супу, каштуе 484,75 рубля.

Што яшчэ Берасцейскі гарвыканкам купляў
Берасцейскі гарвыканкам 2 снежня 2024 года праз сайт дзяржаўных закупак закупіў больш за 1 000 шаўронаў і нашывак для тэрытарыяльнай абароны, выдаткаваўшы на іх 9 380 рублёў. Чыноўнікі купілі 500 шаўронаў «Зона тэрытарыяльнай абароны» за 4 600 рублёў, 500 шаўронаў «Раён тэрытарыяльнай абароны» за тыя ж грошы, а яшчэ 30 нашывак «Рада абароны» за 180 рублёў. Сумарна за ўсё заплацілі 9 380 рублёў.
Такая колькасць замоўленых шаўронаў і нашывак можа ўказваць на тое, колькі чалавек уваходзіць у тэрытарыяльную абарону Берасця. Дакладную колькасць, улады, натуральна, не раскрываюць.
Берасцейскі гарвыканкам 5 лістапада закупіў уцепленыя боты. За 300 пар ботаў заплацілі 19 521 рубель, гэта значыць адна пара каштавала прыкладна 65 рублёў. Іх даставілі ў гарвыканкам у перыяд з 11 да 22 лістапада.
Берасцейскі гарвыканкам 21 кастрычніка апублікаваў на сайце дзяржаўных закупак тэндары на саколкі і майткі. Чыноўнікам спатрэбіліся 975 мужчынскіх саколак аліўкавага колеру: 200 штук 50 памера, па 300 штук у 52 і 54 памераў, 175 футболак 56 памеру. За іх заплацілі 1 7881,5 рубля. Адная саколка каштавала прыкладна 18,3 рубля.
Што да мужчынскіх майткоў, то яны патрэбныя ў чорным ці аліўкавым колерах. Таксама 975 штук: 250 50 памеру, па 300 - 52 і 54 памераў, 125 майткоў 56 памеру. За іх заплацілі 8726,25 рубля. Гэта значыць адны майткі каштавалі прыкладна 8,95 рубля.
Мужчынскія саколкі і майткі даставілі ў Берасцейскі гарвыканкам у перыяд з 28 кастрычніка да 21 лістапада 2024 года. А сумарна чыноўнікі заплацілі за іх 26 607,75 рублі.
Вясной 2024 года Берасцейскі гарвыканкам закупіў 550 бронекамізэлек на 1 млн рублёў.