«Гэта балючае і праблемнае месца расейцаў»
- 23.03.2025, 18:39
- 7,144

Маёр УСУ распавёў аб прычынах «мясных штурмаў» акупантаў.
Працягваюцца баі на тэрыторыі Курскай вобласці РФ. Расейскія войскі і паўночнакарэйскія жаўнеры, якіх расейцы выкарыстоўваюць як «гарматнае мяса», спрабуюць колькасцю «задушыць» украінскія Сілы абароны.
Пра гэта расказаў у эфіры тэлемарафона намеснік камандзіра 210 асобнага штурмавога палка, маёр Уладзімір Кончыц. З яго слоў, ціск ворага - вельмі магутны, але Курская аперацыя працягваецца.
«На кожную адну расейскую групу прыпадаюць тры паўночнакарэйскія групы салдат, і яны іх не шкадуюць. За кошт колькаснай перавагі яны проста спрабуюць нас закідваць гэтым «гарматным мясам», закідваюць і нашы мінныя палі, і выяўляюць нашы агнявыя пункты. Такім чынам, проста неабгрунтаванымі стратамі спрабуюць нас задушыць. Мы вядзём зараз манеўраную абарону. Курская аперацыя працягваецца», - акцэнтаваў Кончыц.
Маёр дадаў: калі браць усю лінію баявога сутыкнення, то на Куршчыне зараз, напэўна, найбольшы ціск ворага. Пры гэтым тэхніку вораг не выкарыстоўвае, а штурмуе малымі пяхотнымі групамі.
«У іх няма тэхнікі - гэта балючае і праблемнае месца расейцаў. Цяпер усе актыўныя штурмавыя дзеянні яны вядуць малымі групамі. Спрабуюць прамацаць нашы слабыя месцы, каб там, дзе менш абаронцаў, ціснуць. Таму нам даводзіцца праводзіць манеўраную абарону. Дзе яны сустракаюць наш актыўны супраціў - спыняюцца, спрабуюць адыходзіць і потым спрабуюць зноўку праводзіць штурмавыя дзеянні», - распавёў ён.
Вайсковец таксама адзначыў, што паўночнакарэйскія жаўнеры зрабілі высновы са сваёй папярэдняй хвалі атак. Таму зараз яны ўжо перасоўваюцца малымі групамі і «кароткімі перабежкамі», імкнучыся пазбягаць збояў.
«Вораг навучаны, злы. У ворага стаіць выразная задача - узяць як мага хутчэй цалкам усю Куршчыну і працягваць на нас далей ціснуць. Асабліва ўлічваючы палітычныя перамовы, якія зараз праходзяць. Але мы абарону трымаем, трымаемся за кожны сантыметр зямлі і будзем далей трымацца», - падкрэсліў Кончыц.
На яго думку, аперацыя ў Курскай вобласці вельмі патрэбная Украіне.
«Аперацыя нам дае буферную зону. Як казаў гетман, для таго, каб засцерагчы нашу зямлю і нашы гарады і вёскі. Сітуацыя вельмі складаная, але мы ваюем і не складаем зброю. Будзем выконваць задачы столькі, колькі будзе гэта патрэбна», - канстатаваў вайсковец.