«Могілкі для грошай»: як Партугалія страчвае мільёны еўраў праз заначкі
10- 23.03.2025, 20:02
- 10,170

Партугальцы хаваюць грошы на "чорны дзень" у не заўсёды прыдатных для гэтага месцах.
У 2024 годзе Банк Партугаліі зарэгістраваў 40 тысяч непрыдатных для абарачэння грашовых купюр на рэкордную суму - 1,7 мільёна еўраў. Партугальцы хаваюць грошы на «чорны дзень», робячы схованкі ў не заўсёды прыдатных для гэтага месцах.
У апошняе дзесяцігоддзе Банку Партугаліі давялося замяніць 317 000 пашкоджаных банкнот на суму 13,8 мільёна еўраў. Прычына - папулярная сярод партугальцаў практыка адкладвання грошай на "чорны дзень".
"Банкноты псуюцца ад вільготнасці і часцей за ўсё - ад таго, што людзі закопваюць іх у зямлю. Вільготнасць зямлі плюс казуркі - усё гэта прыводзіць да псавання банкнот", - растлумачыў Euronews Жазэ Луіш Ферэйра, каардынатар аперацыйнага аддзела Банка Партугаліі па працы з гатоўкай.
Хоць у большасці выпадкаў гаворка ідзе пра схованкі пад зямлёй, крэатыўнасць людзей у гэтым плане не ведае межаў, кажа суразмоўца. Грошы хаваюць у мікрахвалёўках, камінах, нават у зліўных бачках.
На думку Жазэ Луіса Ферэйры, такая практыка можа быць звязана з недаверам да банкаў або жаданнем мець пад рукой гатоўку ў надзвычайнай сітуацыі. «Людзі думаюць, што, схаваўшы банкноты, яны абароняць свае асабістыя каштоўнасці ад крадзяжоў і іншых непрыемнасцяў. І гэтая практыка па-ранейшаму распаўсюджаная сярод малапісьменных людзей», - уважае ён.
У офісе Банка Партугаліі на ўскраіне Лісабона захоўваюцца купюры, сапсаваныя праз вільгаць, абпаленыя або пашкоджаныя грызунамі. У 2024 годзе было зарэгістравана больш за 40 000 такіх банкнот, у асноўным вартасцю 20 і 50 еўраў, на агульную суму 1,7 мільёна еўраў. Гэта найвышэйшы паказчык з 2014 года.
Усё таму, што да таго, у пандэмію людзі актыўна хавалі грошы дома. А пасля - неслі сапсаваныя ў банк, каб абмяняць іх на новыя.
Жазэ Луіш Ферэйра таксама ўспамінае пік 2018 года пасля разбуральных пажараў, якія бушавалі ў краіне годам раней. Тады было адноўлена блізу 32 000 банкнот на агульную суму 1 751 220 еўраў.
Адна з сітуацый, якую апісвае экспэрт, адбылася з уладальнікам лесапільні ў цэнтры краіны, які захоўваў грошы на выплату заробкаў працоўным у сейфе. Ён уцалеў у пажары, але высокія тэмпературы пашкодзілі змесціва. У апісаным выпадку на коне стаяла амаль 40 000 еўраў.
Крытэрыі ацэнкі банкнот стандартызаваны на ўзроўні Еўразоны. Гэта азначае, што ўсе цэнтральныя банкі краін, якія далучыліся да еўра, павінны выконваць адны і тыя ж нормы.
«Фрагменты, з якіх складаецца банкнота, павінны складаць больш за 50% банкнотаў. І гэтыя фрагменты павінны быць такімі, каб можна было вызначыць, ці належаць яны сапраўдным банкнотам. Менавіта ў гэтых фрагментах нашы тэхнічныя спецыялісты, падрыхтаваныя і выкарыстоўваюць спецыяльнае абсталяванне для гэтай мэты, шукаюць элементы абароны, па якіх і вызначаюць, ці з'яўляецца гэты фрагмент часткай сапраўднай банкноты ці не», - тлумачыць Жазэ Луіс Фэрэйра.
Для вяртання сумы неабходна таксама даказаць, што прычына псавання купюр адпавядае той, што апісаў чалавек, які здае іх у банк. У выпадку падману абмен немагчымы.
Бывае, што працэдурай карыстаюцца ашуканцы, якія спрабуюць падмануць адмыслоўцаў і зарабіць на падробках. Калі даведзена, што банкноты не з'яўляюцца сапраўднымі, інфармацыя перадаецца ў кампетэнтныя органы, і фальшывыя купюры адбіраюцца.