25 сакавiка 2025, aўторак, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Слова мацнейшае, чым любая куля»

1
«Слова мацнейшае, чым любая куля»
Ксёндз Вячаслаў Барок

Ксёндз Барок заклікаў «гартаваць волю», бо «ідзе час вяртаць Беларусь».

Ксёндз Вячаслаў Барок, выступаючы 23 сакавіка перад удзельнікамі ўрачыстага мітынгу ў Варшаве, назваў Дзень Волі «самым галоўным сьвятам Беларусі».

«Яно сапраўды галоўнае для тых, хто разумее каштоўнасьць свабоды. Хто цэніць свабоду і хто любіць свабоду», — адзначыў сьвятар Барок.

Паводле яго слоў, у Дзень Волі трэба ўзгадваць «шлях, які прайшоў беларускі народ», паведамляе «Радыё Свабода».

«Мы свабодныя, — дадаў Барок. — А калі свабодныя, то і адказныя. За лёс нашай нацыі і нашай краіны. Мы бяром на сябе адказнасьць за нашу Беларусь. Бяром нават цяпер, калі краіна акупаваная».

«Шлях змаганьня за вольную Беларусь прасякнуты крывёю змагароў, пакутнікаў. І мы сёньня памятаем усіх сваіх герояў. Мы ўпэўненыя — Беларусь будзе вольнай. Мы сьвядомыя. Калі гасподзь адарыў нас магчымасьцю быць беларусамі, то мы мусім і жыць для Беларусі. Бо як казала адна з выбітных дачок народу беларускага [паэтка Ларыса Геніюш], як жыць — дык жыць для Беларусі, а без яе — зусім не жыць», — заявіў ксёндз.

Ён заклікаў беларусаў «не губляць сваіх крылаў». «Вяртайце сваю мову, гаварыце сваё слова беларускае. Слова мацнейшае, чым любая куля», — сказаў Барок.

«Беларусы, гартуйце волю, памятайце: ідзе час вяртаць Беларусь. Мы не баімся сёньня прызнацца, што мы не рабы, мы вольныя. Няхай баяцца тыя, хто выбраў цёмны бок. А мы выбралі бок дабра, бок сьвятла. За намі перамога», — падкрэсьліў сьвятар.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках