Расея можа застацца без гелікаптэраў «Ансат» для медыцынскай эвакуацыі
- 25.03.2025, 11:53
- 2,892

Санкцыі дзейнічаюць.
Гелікаптэры "Ансат", шырока выкарыстоўваюцца ў Расеі для грамадзянскіх пералётаў і медыцынскай эвакуацыі, могуць спыніць палёты праз немагчымасць рамонту рухавікоў, вырабленых канадскай кампаніяй Pratt \u0026 Whitney.
Вытворца адмаўляецца абслугоўваць расейскую тэхніку з прычыны ўведзеных санкцый праз агрэсію РФ супраць Украіны, а сертыфікаваных сэрвісных цэнтраў у Расеі і "прыязных" краінах няма.
Пра гэта піша The Moscow Times.
Са звестак Асацыяцыі верталётнай індустрыі (АВІ), да 2029 года эксплуатацыя 49 машын можа быць спыненая. У 2025 годзе без палётаў рызыкуюць застацца чатыры гелікаптэры, а да 2026-га - яшчэ шэсць.
Усяго ў цывільнай авіяцыі РФ задзейнічаны 88 гелікаптэраў "Ансат", з якіх 37 належаць Нацыянальнай службе санітарнай авіяцыі. Праблемы з падтрыманнем лётнай прыдатнасці звязаныя не толькі з рухавікамі.
У канструкцыі гелікаптэра выкарыстоўваюцца крытычна важныя імпартныя вузлы - французскія цягі кіравання, амерыканскія і чэшскія стартар-генератары, а таксама выканаўчыя механізмы еўрапейскай вытворчасці. Нават калі атрымаецца замяніць рухавік, іншыя дэталі могуць паралізаваць эксплуатацыю паветраных суднаў.
Расея плануе ўсталяваць айчынныя маторы "ВК-650В", але гэта патрабуе стварэння новай версіі "Ансат" з іншымі тэхнічнымі характарыстыкамі.
Працэс сертыфікацыі можа зацягнуцца да 2026 года, а серыйную вытворчасць - яшчэ на некалькі гадоў. Акрамя таго, авіяцыйныя экспэрты сумняваюцца ў мэтазгоднасці такой замены: прасцей распрацаваць новую мадэль, чым адаптаваць старую пад расейскія дэталі.