Фотафакт: Алесь Пушкін на Дні Волі ў 1989 годзе
7- 25.03.2025, 12:10
- 6,030

Загінуўшы ад рук лукашыстаў мастак стаяў ля вытокаў гэтага свята.
Першая публічная вулічная акцыя з нагоды дня абвяшчэння незалежнасці БНР прайшла ў Менску ў 1989 годзе. Правёў яе ля ўваходу ў Тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) тагачасны студэнт гэтай установы і будучы вядомы мастак Алесь Пушкін.
25 сакавіка 1989 г. мастак прайшоў па праспекце Незалежнасці. На спіне і на грудзях у яго віселі плакаты з напамінам аб БНР, абвешчанай у гэты дзень роўна 71 год таму, а каля сотні аднадумцаў Пушкіна ішлі за ім з папяровым буслом і 71 белым балонікам у руках.

Перформера-пачаткоўца і яшчэ 35 чалавек затрымалі. Мастака прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна, але з тэатральна-мастацкага інстытута не выключылі. Ён працягнуў вучобу і выпусціўся ў 1990 годзе.
11 ліпеня 2023 года Алесь Пушкін памёр ад прабадной язвы ў рэанімацыі, куды яго даставілі з гарадзенскай турмы. Яму своечасова не надалі медыцынскую дапамогу.
Алесь Пушкін быў арыштаваны ў 2021 годзе, калі вяртаўся з Украіны ў Беларусь на сваю выставу. Беларускі мастак атрымаў 5 год калоніі строгага рэжыму за серыю партрэтаў удзельнікаў беларускага антысавецкага супраціву.