Рэжым пакінуў беларусаў без электронных рэцэптаў і лісткоў непрацаздольнасці
7- 25.03.2025, 12:34
- 7,798

Заходняя кампанія разарвала кантракт з Міністэрствам аховы здароўя.
Запуск нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя, анансаваны яшчэ на 2022 год, сарваўся праз удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і наступных санкцый ЕЗ. Распрацоўнікі шукаюць новага выканаўцу, а праект зараз пераводзяць на бюджэтныя сродкі, паведамляе «Белсат».
Нацыянальная сістэма электроннай аховы здароўя павінна была стаць сучасным інструментам, які аб'яднаў бы ўсе медыцынскія звесткі аб пацыентах Беларусі ў адной базе. Праект прадугледжваў запуск сайта і мабільнага дадатку, праз якія беларусы атрымалі б доступ да электронных рэцэптаў, лістоў непрацаздольнасці і асабістай гісторыі лячэння.
У 2022 годзе Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўклала кантракт на суму больш за 57 мільёнаў даляраў з харвацкай філіяй швэдскай кампаніі Ericsson Nikola Tesla, нагадвае DW. Аднак пасля ўвядзення Еўразвязам санкцый супраць дзейнай улады кампанія надумала разарваць кантракт.
Цяпер Міністэрства аховы здароўя спрабуе знайсці новага выканаўцу і вымушана фінансаваць праект выключна за кошт бюджэтных сродкаў, таму што раней фінансаванне забяспечваў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Тэрміны запуску сістэмы пакуль застаюцца нявызначанымі.