26 сакавiка 2025, Серада, 12:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паляк выпадкова знайшоў 100-гадовыя гульнявыя карты з Гародні

3
Паляк выпадкова знайшоў 100-гадовыя гульнявыя карты з Гародні

Цяпер думае, што з імі рабіць.

У адным з польскіх гуртоў у Facebook, прысвечаных антыкварыяту, з'явіўся допіс паляка, які выпадкова знайшоў гульнявыя карты, выпушчаныя блізу 100 гадоў таму ў Гародні.

Ён пацікавіўся ў карыстальнікаў коштам сваёй знаходкі. Напраўду такія карты вельмі рэдкія, піша MOST.

«У стале прадзеда я знайшоў нераспакаваную калоду карт, вырабленую на фабрыцы гульнявых карт братоў Лапіных у Гародні (цяпер — Беларусь, як мяркуецца, 1920-я гады). Другое фота, на якім паказаны асобныя карты, зроблена з іншай калоды - ужо раней адкрытай. Які можа быць прыблізны кошт запячатанай, нявыкарыстанай версіі?» — напісаў аўтар паста Гжэгаж Ралецкі.

Сямейныя рэліквіі

Гжэгаж распавёў MOST, што яму трэба абдумаць, што рабіць са знаходкай.

- Я не думаў, што карты такія рэдкія. Знайшоў вельмі шмат сямейных рэліквій, якія трэба пасартаваць. Карты - адная з іх. Калі калі-небудзь надумаю развітацца з імі, хачу быць упэўнены, што яны трапяць да таго, хто захавае іх для будучых пакаленняў.

Ён таксама ўдакладніў, што не ўпэўнены, ці меў яго прадзед сувязь з Гародняй. Той родам з Кавалуўкі, а прабабуля - з Міраноўкі. Гэта Украіна. Пазней яны пасяліліся пад Замосцем у Польшчы.

Выпадковая знаходка

Беларускі спецыяліст у вінтажы на ўмовах ананімнасці расказаў MOST, што за апошнія гады на продаж у Польшчы выстаўлялася каля чатырох калод, вырабленых на гарадзенскай фабрыцы. Самая дарагая пайшла амаль за 1 000 злотых (258 даляраў).

— Запячатаны пачак можа каштаваць яшчэ даражэй. Такія карты з'яўляюцца раз за некалькі гадоў і тут жа знікаюць. Відаць, што нехта выпадкова знаходзіць іх і выстаўляе на продаж. Для Гародні такія карты - гэта каштоўнасць. Наколькі я ведаю, у музеі ў Гародні ёсць толькі адна поўная калода, і яна адрозніваецца ад сёлетняй знаходкі.

Што гэта за карты?

Гульнявыя карты Лапіных вырабляліся на гарадзенскай фабрыцы ў 1920—1940-х гадах і былі шырока папулярныя за межамі Гарадзеншчыны. Гэтымі картамі гулялі аматары азартных гульняў па ўсёй міжваеннай Польшчы. У аснове тэхналогіі друку былі стандарты, закладзеныя яшчэ ў XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам. Карты адрозніваліся якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю.

У асартыменце фабрыкі былі "народныя" калоды з выявамі шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, а таксама "прускія" і "барочныя". У 1939 годзе фабрыка была нацыяналізаваная савецкай уладай, а падчас нямецкай акупацыі зноў выпускала гульнявыя карты.

Гісторыя фабрыкі скончылася адразу пасля Другой сусветнай вайны. У 1944 годзе вытворчасць была спыненая. Пасля ў будынку пачалі друкаваць савецкія агітацыйныя плакаты, а пазней і зусім спынілі працу. Будынак доўгі час пуставала.

Будаўнікі нагадалі аб забытым

У Гародні ў 2015 годзе падчас рэканструкцыі будынка "Белмытсэрвіса", дзе раней знаходзілася фабрыка, рабочыя знайшлі старыя неразрэзаныя карты 1920-х гадоў, выкарыстаныя як уцяпляльнік. Гэтыя карты былі ўнікальнымі: у музеі падобных не было. Знаходкі перадалі ў Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Пасля перадачы карт у музей знаходкай зацікавілася творчае аб'яднанне “А-чатыры”. Яны надумалі ўзнавіць карты, засноўваючыся на знойдзеных узорах, архіўных звестках і гістарычных даведках.

У 2017 годзе карты былі афіцыйна прадстаўлены. Антон Янкоўскі з "А-чатыры" распавядаў, што падчас працы нават удалося знайсці арыгінальную калоду, якая належала Аляксандру Лапіну, уладальніку фабрыкі.

Арыгінальную калоду ў фірмовай каробцы перадаў Аляксандру Янкоўскаму гарадзенец Аляксандр Мілінкевіч — за некалькі дзён да прэзентацыі. Карты былі падарункам ад сям'і Лапіных ягоным бацькам, з якімі яны жылі ў адным доме ў Гародні.

Падчас вайны маці Аляксандра, Марыя Баран, перадавала ежу ў гета сям'і Лапіных, рызыкуючы жыццём. Адзін раз салдат наставіў на яе аўтамат, але адпусціў.

Браты Лапіны, Аляксандр і Абраам, і іх сястра Кейла не перажылі Галакост. Праўнук сястры братоў Лапіных, Андрэй Гурэвіч, зараз жыве ў Францыі.

Што яшчэ прадавалася з фабрыкі Лапіных?

У 2023 годзе чытач MOST набыў другую вядомую калоду на аўкцыёне за 200 еўраў і перадаў яе ў музей. Таксама ў продажы была ўнікальная шкатулка для карт, вырабленая на даваеннай фабрыцы «Нёман». Хто стаў яе ўладальнікам - невядома.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках