Як цёплая зіма паўплывала на птушак і звяроў у Беларусі
1- 25.03.2025, 14:45
- 2,936

Мядзведзям і зайцам давялося нялёгка.
Гэтай зімой праз цёплае надвор'я раней часу прачнуліся кляшчы. Нялёгка давялося мядзведзям, зайцам і дробным грызунам. Затое здабылі ад такога надвор'я траваедныя жывёлы, піша «Народная газета».
Кліматычная норма для зімы ў Беларусі складае -2,3°С у студзені ў Берасці і да -5,5°С у Горках. Але ў сёлетнім студзені (у тэорыі — самым халодным месяцы года) сярэдняя тэмпература ў краіне склала 1,2°С. У выніку гэты студзень стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў.
Першымі на анамаліі надвор'я адрэагавалі кузуркі: актывізаваліся кляшчы. Сумную статыстыку ўкусаў адкрыў магілёвец ужо ў студзені.
«Звычайна яны маюць абмежаваны час актыўнасці, які стартуе пасля раставання снегу і заканчваецца з надыходам першых прымаразкаў. Прачнуліся і адразу ўзяліся за размнажэнне, напад на сваіх «пракарміцеляў», сярод якіх не толькі звяры і птушкі, але і чалавек», - расказала старэйшая навуковая супрацоўніца лабараторыі паразіталогіі НПЦ у біярэсурсах НАН Беларусі Марыя Яковіч.
Начальніца навуковага аддзела Бярэзінскага біясфернага запаведніка Настасся Рыжкова адзначыла, што з драпежнікаў праз кліматычныя анамаліі кепска мядзведзям.
«Бо галоўныя ўмовы іх спрыяльнага залягання ў спячку - марознае надвор'е і высокае зімовае покрыва (звычайна з лістапада да сакавіка). Але ў цяпле і без снегу нармальна не паспіш, - заўважыла экспэртка - Падчас вымушанага няспання бадзяжныя мядзведзі выдаткоўваюць назапашаныя да зімы тлушчавыя запасы. А вось наяўнага ў лесе пажытку для яго недастаткова, паколькі большую частку рацыёну складае раслінная ежа. Таму мядзведзю было цяжэй перажыць познія маразы».
Гэтай зімой бадзяжных мядзведзяў бачылі на фотапастках. У розных лакацыях сустракалі мядзведжыя сляды, у тым ліку падчас зімовых маршрутных улікаў, якія праходзілі ў лютым.
«Бадзяжных мядзведзяў не назіралася, агрэсіўных таксама не было. Аднак "далёка не факт, што ў такіх стрэсавых зімовых умовах бярэзінскія мядзведзіцы змаглі даць добры прыплод на 3-4 медзведзяняці", - канстатавала яна.
Зайцу-беляку, гарнастаю і ласцы, якія змяняюцьафарбоўку ў бясснежныя зімы таксама даводзіцца цяжка – у сваіх белых кажушках яны становяцца лёгкай здабычай для драпежнікаў.