«Што за паліклініка, у якой няма лекараў?»
19- 25.03.2025, 16:10
- 8,102

Аршанец паспрабаваў запісацца да лора ў новай паліклініцы і быў шакаваны адказам.
Жыхар Воршы расказаў у TikTok аб тым, як прыйшоў у новую гарадскую паліклініку запісвацца да лора, але высветлілася, што найбліжэйшы запіс да лекара — толькі ў траўні. Мужчыну прапанавалі скарыстацца платнай медыцынай, на ролік звярнуў увагу тэлеграм-канал "Віцебск, я гуляю!".
Асцярожна, у відэа лаянка
У аршанца заклала вушы, і ён ужо паўтары тыдні практычна нічога не чуе. Мужчына прыйшоў запісацца да отарыналарынгалага ў новую, адкрытую ўсяго год таму гарадскую паліклініку № 6.
- Там усё прыгожа, усё выдатна. <…> Прыйшоў у рэгістратуру, кажу: “Запішыце мяне да лора”. А мне кажуць: “Толькі ў траўні [найбліжэйшы запіс]”. Я кажу: “Дык што, мне глухім хадзіць паўтара месяца?” – “Ну не ведаю, няма нікога”, - пераказаў размову з супрацоўнікамі паліклінікі гараджанін.
Ён задаўся пытаннем, "а на халеру нам такая паліклініка, у якой няма лекараў?". Са слоў аршанца, яму прапанавалі скарыстацца паслугамі платнай медыцыны.
- Платная як бы ёсць, а лекараў няма. Дык навошта мне тады такое? Нешта я нярадасны, - рэзюмаваў пацыент.
Ролік сабраў сотні каментароў, у якіх аршанцы скардзяцца на такія ж праблемы - на нястачу спецыялістаў і складанасці з запісам да лекараў.
«Зеркало» адзначыла, што паліклініку № 6, якая ўваходзіць у структуру Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, адкрылі ў лютым мінулага года "ва ўрачыстай абстаноўцы" — удзельнічалі тагачасны прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў і іншыя чыноўнікі.
На будаўніцтва выдаткавалі блізу 55 млн рублёў. Як пісала БЕЛТА, “установа аховы здароўя абсталяваная ўсім неабходным дыягнастычным і лячэбным абсталяваннем. Тут створаны ўмовы для паўнацэннай медыцынскай рэабілітацыі, укаранення новых методык дыягностыкі і лячэння, што ў выніку дасць магчымасць значна падвысіць якасць і даступнасць амбулаторна-паліклінічнай медыцынскай дапамогі”.
@moloko25041 ♬ оригинальный звук - Андрюлик рулит!!!)))