NYT: З ахоўнай аркай над ЧАЭС ёсць новая праблема
2- 25.03.2025, 16:29
- 5,354

Не была ўлічаная вайсковая пагроза.
Ахоўная арка над разбураным энэргаблокам Чарнобыльскай АЭС не была разлічаная на баявыя дзеянні. Пасля таго, як расейцы патрапілі ў яе «Шахедам», канструкцыя больш не можа паўнавартасна выконваць ускладзеную на яе задачу.
Пра гэта ў каментары The New York Times (пераклад - «Уніян» расказаў амерыканскі інжынер Эрык Шміман, які 15 гадоў працаваў над гэтым інжынерным праектам на пасадзе старэйшага тэхнічнага дарадцы.
Арка была насунутая на будынак 4-га энергаблока ў 2016 годзе, стаўшы самай вялікай рухомай канструкцыяй у свеце. Амаль паўсотні краін і міжнародных арганізацый выдаткавалі блізу 1,7 мільярда даляраў на яе будаўніцтва. 14 лютага расейскі беспілотнік коштам амаль 20 000 даляраў прабіў адтуліну ў сталёвай абалонцы гэтага збудавання і выклікаў пажар.
- Мы правялі шмат аналізаў бяспекі, улічваючы шмат дрэнных рэчаў, якія могуць адбыцца. Мы разглядалі землятрусы, тарнада, моцныя вятры, 100-гадовыя снегапады, разнастайныя рэчы. Мы не разглядалі вайсковыя дзеянні, - расказаў Шміман.
Хоць пачатковы пажар удалося хутка патушыць, пачала тлець воданепранікальная мембрана ўнутры ізаляцыі аркі, што працягвалася амаль тры тыдні. Пажарнікам у альпінісцкай амуніцыі давялося прабіваць адтуліны ў вонкавым пласце шчыта, шукаючы агонь, і распырскваць ваду ўнутры канструкцыі, якую першапачаткова праектавалі так, каб яна заўсёды заставалася сухой.
Агулам прыкладна палова паўночнай часткі шчыта была пашкоджаная, гавораць украінскія чыноўнікі. Узровень радыяцыі за межамі АЭС усё яшчэ ў норме, але незразумела, як зараз рамантаваць пашкоджаную арку.
Экспэрты гавораць, што рамонт можа доўжыцца гадамі, паставіўшы крыж на першапачатковых планах паступовага дэмантажу разбуранага рэактара. Існуе рызыка, што сталёвая абалонка аркі пачне іржавець.
- Поўная рэстаўрацыя аб'екта практычна немагчымая. Каб наблізіць яе як мага бліжэй да першапачатковага стану - ну, на гэта, магчыма, спатрэбяцца сотні мільёнаў даляраў, - сказаў начальнік аддзела эксплуатацыі збудавання Арцём Шэры.
Эрык Шміман адзначыў, што зараз першачарговай задачай з'яўляецца не аднаўленне аркі, а абарона яе ад карозіі.