Дуда падпісаў закон аб будаўніцтве першай АЭС у Польшчы
4- 25.03.2025, 18:20
- 3,382

Пачатак камерцыйнай эксплуатацыі першага энэргаблока запланаваны на 2036 год.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон аб вылучэнні 60 мільярдаў злотых (больш за $15 млрд) на будаўніцтва першай у краіне атамнай электрастанцыі, паведамляе Onet.
Закон пачне дзеянне праз 14 дзён пасля ягонага зацвярджэння, але ўмовай для вылучэння фінансавання з'яўляецца таксама ўхваленне Еўрапейскай камісіі.
Закон прадугледжвае ўліванне капіталу памерам 60,2 млрд злотых у дзяржаўную кампанію Polskie Elektrownie Jądrowe, інвестара і будучага аператара першай электрастанцыі.
Умовай рэкапіталізацыі з'яўляецца атрыманне дазволу Еўракамісіі на дзяржаўную дапамогу. Запыт на яго быў накіраваны польскім урадам у Брусэль у канцы 2024 года. У снежні Еўракамісія адкрыла афіцыйную працэдуру натыфікацыі дзяржаўнай дапамогі для атамнай электрастанцыі.
Згодна з нядаўнімі заявамі ўрадавага ўпаўнаважанага ў пытаннях стратэгічнай энэргетычнай інфраструктуры, заліванне бетону для першага рэактара павінна адбыцца ў 2028 годзе.
Пачатак камерцыйнай эксплуатацыі першага энэргаблока запланаваны на 2036 год.
Першая АЭС у Польшчы будзе пабудаваная ў Памор'і на аснове амерыканскай рэактарнай тэхналогіі AP1000.