Белы дом: ЗША і Расея дамовіліся пра бяспечнае суднаходства ў Чорным моры
11- 25.03.2025, 18:27
- 3,572

Таксама краіны ўзгаднілі захады, якія будуць забараняць удары па энэргетычных аб'ектах Расеі і Украіны
ЗША і Расея дамовіліся пра бяспечнае суднаходства ў Чорным моры. Пра гэта заявілі ў Белым доме паводле вынікаў перамоваў паміж краінамі ў Саудаўскай Аравіі, паведамляе Sky News.
«Злучаныя Штаты і Расея дамовіліся гарантаваць бяспеку суднаходства, выключыць выкарыстанне сілы і прадухіліць выкарыстанне камерцыйных караблёў у ваенных мэтах у Чорным моры», – гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, ЗША і Расея дамовіліся пра захады, якія забараняюць удары па энэргетычнай інфраструктуры РФ і Украіны.
«Злучаныя Штаты і Расея прадоўжаць працаваць над дасягненнем трывалага і доўгага міру. Злучаныя Штаты пацвердзілі імператыў прэзідэнта Дональда Трампа пра неабходнасць спынення забойстваў з абодвух бакоў расейска-ўкраінскага канфлікту як неабходнага кроку да дасягнення доўгага мірнага ўрэгулявання. З гэтай мэтай Злучаныя Штаты будуць прадаўжаць спрыяць перамовам паміж абодвума бакамі для дасягнення мірнага ўрэгулявання ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі ў Эр-Рыядзе», – дадаюць у паведамленні.
Таксама Вашынгтон дапаможа аднавіць доступ РФ да сусветных рынкаў для экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў.
«ЗША будуць спрыяць аднаўленню доступу Расеі да сусветнага рынку для экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў, зніжэнню кошту марскога страхавання, а таксама пашырэнню доступу да партоў і плацежных сістэмаў для такіх транзакцый», – падкрэслілі ў заяве.