26 сакавiка 2025, Серада, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Белы дом расказаў пра вынікі трохдзённых перамоваў з Украінай і Расеяй

41
Белы дом расказаў пра вынікі трохдзённых перамоваў з Украінай і Расеяй

З’явіўся тэкст заявы.

Белы дом у аўторак, 25 сакавіка, апублікаваў заяву паводле вынікаў трохдзённых перамоваў з краінай-агрэсаркай Расеяй і Украінай у Саудаўскай Аравіі.

У заяве сказана, што ЗША дамовіліся з РФ і Украінай пра стварэнне бяспечнага суднаходства ў Чорным моры, пагадзіліся распрацаваць захады для рэалізацыі энэргетычнага спынення агню. ЗША таксама паабяцалі Украіне працаваць над абменам ваеннапалоннымі, вызваленнем затрыманых цывільных асобаў і прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей.

NV публікуе заяву Белага дому цалкам.

*

У адпаведнасці з абмеркаваннямі на ўзроўні прэзідэнтаў паміж прэзідэнтам Дональдам Дж. Трампам і прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, Злучаныя Штаты арганізавалі двухбаковыя тэхнічныя перамовы з расейскай дэлегацыяй 23–25 сакавіка ў Эр-Рыядзе, Саудаўская Аравія. Паводле вынікаў гэтых абмеркаванняў:

Злучаныя Штаты і Расея дамовіліся гарантаваць бяспечнае суднаходства, выключыць ужыванне сілы і прадухіліць выкарыстанне камерцыйных караблёў у ваенных мэтах у Чорным моры.

Злучаныя Штаты дапамогуць аднавіць Расеі доступ на сусветны рынак экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў, знізіць выдаткі на марское страхаванне і пашырыць доступ да партоў і плацежных сістэмаў для такіх транзакцый.

Злучаныя Штаты і Расея дамовіліся распрацаваць захады для рэалізацыі пагаднення прэзідэнта Трампа і прэзідэнта Пуціна пра забарону ўдараў па энэргетычных аб'ектах Расеі і Украіны.

Злучаныя Штаты і Расея вітаюць добрыя паслугі трэціх краінаў з мэтай падтрымкі рэалізацыі энэргетычных і марскіх дамоваў.

Злучаныя Штаты і Расея прадоўжаць працаваць над дасягненнем трывалага і доўгага міру.

Злучаныя Штаты зноў пацвердзілі абодвум бакам імператыў прэзідэнта Дональда Трампа, што забойствы з абодвух бакоў расейска-ўкраінскага канфлікту павінны спыніцца як неабходны крок да дасягнення трывалага мірнага ўрэгулявання. З гэтай мэтай Злучаныя Штаты прадоўжаць спрыяць перамовам паміж абодвума бакамі для дасягнення мірнага ўрэгулявання ў адпаведнасці з пагадненнямі, дасягнутымі ў Эр-Рыядзе.

*

Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў паведаміў, што калі Расея будзе перамяшчаць свае ваенныя караблі за межы ўсходняй часткі Чорнага мора, гэта будзе ўважацца за парушэнне абавязальніцтваў і Украіна будзе мець поўнае права на самаабарону.

Ён пацвердзіў, што ўсе бакі дамовіліся рэалізаваць дамоўленасці прэзідэнтаў пра поўную забарону ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры Украіны і РФ.

Умераў таксама заявіў, што для эфектыўнай рэалізацыі дамоўленасцяў патрэбныя дадатковыя тэхнічныя кансультацыі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках