У беларускай ялавічыне знайшлі небяспечныя бактэрыі
- 26.03.2025, 11:31
- 3,448

Пад узмоцнены кантроль трапіць прадукцыя чатырох прадпрыемстваў.
Статус чатырох беларускіх прадпрыемстваў зменены на «ўзмоцнены лабараторны кантроль» у рэестры Мытнага саюза. Як паведамляе Рассельгаснагляд, гэта звязана з парушэннямі, якія выявілі ўпершыню.
Так, ялавічына Дзятлаўскага філіяла Гарадзенскага абласнога спажывецкага таварыства і рыба халоднага вэнджання ад ТАА «Баранцава» не прайшлі тэст на мікробную бяспеку.
У ялавічыне ад гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Брэсцкая міжраённая гандлёвая база», філіял «Камянецкі», знайшлі івермекцін, а ў мясе качкі ад філіяла «Птушкаферма» супольнага закрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Колас» - лістэрыі.
Раней, з 11 сакавіка, Рассельгаснагляд часова абмежаваў пастаўкі на расейскі рынак прадукцыі ТАА «Межава СТАРТ» праз паўторнае выяўлення лістэрыі ў ялавічыне.