Ціханоўская заявіла аб пераносе з Літвы праекта «пашпарта новай Беларусі»
29- 26.03.2025, 12:38
- 7,114

У літоўскай Генпракуратуры заявілі, што гэты «дакумент» будзе несапраўдным.
Святлана Ціханоўская падчас выступу ў Сейме Літвы заявіла, што так званы пашпарт «новай Беларусі» будзе перанесены ў іншую краіну.
«У Літвы ёсць выдатная пастанова наконт замежных пашпартоў. Мы просім спрасціць і пашырыць практыку іх выдачы, а наш чырвоны пашпарт, які мы планавалі вырабляць тут, мы перанясём у іншыя краіны», - цытуе выступ Ціханоўскай выданне baltija.eu.
Аб лёсе праекту так званага пашпарта нагадвае «Зеркало».
У сакавіку 2024 года кабінет Ціханоўскай паведаміў аб заканчэнні стварэння «пашпартнага цэнтра». Тады ж было заяўлена аб затрымцы прыбыцця «спецыяльных матэрыялаў» для вырабу першых 500 узораў дакумента.
28 траўня мінулага года Беларускі цэнтр расследаванняў апублікаваў даследаванне «Пашпарт Новай Беларусі“ і стары „партманэт“ Лукашэнкі. Як кампанія - распрацоўнік дакумента звязаная з Віктарам Шаўцовым». Журналісты сцвярджалі, што літоўскае прадпрыемства Garsų pasaulis звязанае з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам, а геральдычную раду ўзначальвае былы супрацоўнік беларускага МУС. Міністэрства ўнутраных спраў Літвы прызнала кампанію Garsų pasaulis ненадзейнай і разарвала з ёю кантракт.
Аб пачатку прыёму папярэдніх замоў на атрыманне так званага пашпарта заявіў на форуме «Беларусы годныя лепшага» 26 студзеня ў Варшаве галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.
З лютага 15min.lt са спасылкай на ліст намесніка генпракурора Літвы Гінтаса Іванаўскаса паведаміў, што так званыя пашпарты павінны ўважацца за несапраўдныя, канчатковую пастанову аб прызнанні іх вырабу злачынствам прыме суд.
Днём пазней з'явілася інфармацыя, што мясцовая кампанія Garsų pasaulis спыняе выраб дакументаў, пра што яе кіраўнік Ана Янаўскене пісьмова паведаміла МУС.
4 лютага кіраўнік праекта, дырэктар так званага пашпартнага цэнтра Марус Гудзелайціс паведаміў «Позірку», што выдача так званага пашпарта або збор біяметрычных звестак для яго не будуць ажыццяўляцца, пакуль не скончыцца праверка на адпаведнасць GDPR (рэгламент Еўрапейскага Звязу па абароне персанальных звестак. — «Позірк») і не будуць і не будуць высветленыя ўсе юрыдычныя пытанні, якія датычацца статусу дакумента. З яго слоў, пакуль дакумент застанецца сімвалічным.