CNN: ЗША могуць дамовіцца з Украінай, але з Крамлём ёсць нюанс
1- 26.03.2025, 12:56
- 3,136

Расея спрабуе выціснуць як мага больш саступак, зацягваючы працэс устанаўлення міру.
ЗША могуць дамовіцца аб заканчэнні вайны і з Расеяй, і з Украінай. Зрэшты, Крэмль заўсёды таргуецца, піша CNN.
Бакі далёкія да дасягнення пагаднення аб 30-дзённым спыненні агню, якога патрабаваў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Але пагадненне аб Чорным моры стала рэдкай прыкметай прагрэсу, бо дасягнутае з удзелам і Расеі, і Украіны.
Белы дом паведаміў, што бакі дамовіліся аб абмежаванні вайсковых дзеянняў у Чорным моры пры пэўных умовах. Асноўны пункт - гарантаванне бяспечнага праходу для камерцыйнага суднаходства і спыненне ўдараў у рэгіёне. Абедзве краіны адновяць доступ да партоў, ключавых для экспарту збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі.
Украіна, якая паспяхова атакавала расейскі Чарнаморскі флот дронамі, заявіла, што вяртанне расейскіх вайскова-марскіх караблёў будзе расцэньвацца як парушэнне дамоўленасцяў.
Другі пункт пагаднення прадугледжвае супольную працу ЗША і Расеі над захадамі для спынення атак на энэргетычныя аб'екты цягам 30 дзён. Гэта істотны, хаця і частковы крок наперад.
Аднак Крэмль паставіў умову: рэалізацыя пагаднення магчымая толькі пасля зняцця санкцый з расейскіх фінансавых устаноў, якія займаюцца гандлем сельскагаспадарчай прадукцыяй. Гэта можа ўключаць аднаўленне доступу Расеі да SWIFT, з якой яе выключылі пасля ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.
Рэклама
Адміністрацыя Трампа ўжо зрабіла саступкі Крамлю, выключыўшы сяброўства Украіны ў NATO і прымусіўшы Кіеў пагадзіцца на тэрытарыяльныя страты, што пакуль не прынесла міру. Зняцце санкцый без канкрэтнага абавязацельства з боку Крамля рызыкуе стаць яшчэ адной саступкай Пуціну, якая ўзмацняе яго пазіцыі.
Трамп, які заяўляў аб намеры хутка спыніць вайну, сутыкнуўся з рэальнасцю жорсткіх перамоў. Ён неаднаразова выхваляўся, што здольны скончыць канфлікт за 24 гадзіны, але пасля перагледзеў гэты тэрмін да больш рэалістычнага.
Цяпер нават кароткае спыненне агню выглядае недасяжным. Пытанне ў тым, ці стане гэта пагадненне пачаткам мірнага працэсу, які прывядзе да заканчэння баявых дзеянняў, ці гэта толькі чарговы этап, які можа прывесці да паступовай капітуляцыі Украіны перад Масквой.