Sky News: Расея парушыла сама меней 190 пагадненняў
6- 26.03.2025, 18:55
- 7,648

Самае вялікае парушэнне - Будапешцкі мемарандум.
Вайсковы аналітык выдання Sky News падлічыў, што краіна-агрэсарка Расея парушыла сама меней 190 пагадненняў. Раніцай у сераду, 26 сакавіка, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызнаў, што РФ можа зацягваць перамовы аб спыненні агню.
Тэлеканал адзначыў, што адным з найважнейшых для Украіны былі Менскія пагадненні 2014 года, падпісаныя з мэтай спынення баявых дзеянняў пасля ўварвання Расеі ў Крым у лютым таго ж года. Гэтае пагадненне агрэсар таксама парушыў.
«Самым вялікім з усіх [парушэннем пагадненняў], я думаю, быў 1994 год, Будапешцкі мемарандум, калі Украіна адмовілася ад сваёй ядзернай зброі, атрыманай ад старога Савецкага Саюза, і Украіна была адзінай краінай, якая магла яе выкарыстоўваць», – мяркуе вайсковы аналітык Майкл Кларк.
Як дадаў аналітык, іншымі краінамі, якія адмовіліся ад ядзернай зброі, былі Казахстан і Беларусь.
«Яны фактычна не маглі нічога зрабіць са зброяй, якую атрымалі ў спадчыну. Але Украіна мела патрэбны досвед. Яна магла б стварыць уласны ядзерны арсенал, які б рэальна працаваў, калі б надумала гэта зрабіць. Але ў 1994 годзе яна адмовілася ад гэтага ў абмен на гарантыі бяспекі», - напісаў Кларк.
Аднак ён дадаў, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін у пытаннях, якія тычацца ўласнай выгады, больш паслядоўны ў выкананні пагадненняў.
Кларк адзначыў, што калі Газпрам пастаўляў газ у Еўропу, "яны заўсёды прытрымліваліся кантрактаў, заўсёды - аж да 2008 года".
Аднак пасля гэтага Пуцін уступіў у сваю "агрэсіўную фазу", і кожную зіму маніпуляваў пытаннем ізаляцыі Украіны і ўкраінскіх газаправодаў ад агульнаеўрапейскай сістэмы паставак.
Раней 26 сакавіка Трамп выказаў меркаванне, што Расея зацягвае ўкладанне пагаднення аб спыненні агню з Украінай. Прэзідэнт ЗША таксама дадаў, што ён сам выкарыстоўваў такую тактыку ў бізнэсе на працягу многіх гадоў.