Больш за 50% амерыканцаў незадаволеныя прызначэннямі ў адміністрацыі Трампа
11- 26.03.2025, 21:41
- 5,498

Апытанне.
Большасць амерыканцаў расчараваныя людзьмі, якіх прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў узначаліць міністэрствы і федэральныя ведамствы. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага на замову тэлеканала NBC News.
52% рэспандэнтаў выказалі ўсеагульнае расчараванне людзьмі, якіх амерыканскі лідар абраў для кіраўніцтва міністэрствамі і федэральнымі ведамствамі. 45% задаволеныя гэтымі прызначэннямі.
Гэтыя паказчыкі блізкія да агульнага рэйтынгу ухвалення Трампа: 47% зарэгістраваных выбарцаў падтрымліваюць яго працу, а 51% - не падтрымліваюць.
Як адзначае NBC News, узровень незадаволенасці амерыканцаў выбарам Трамп на кіроўныя пасады вышэйшы, чым у пачатку ягонага першага тэрміну, калі такіх было 44%.
Апытанне таксама паказала значны раскол паміж прыхільнікамі Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыі. 88% выбарцаў-рэспубліканцаў задаволены прызначэннямі Трампа ў яго другой адміністрацыі, а 95% дэмакратаў выказалі расчараванне. Толькі 10% рэспубліканцаў адзначылі, што іх расчароўвае выбар Трампа, а толькі 4% дэмакратаў сказалі, што яны задаволеныя яго кадравымі пастановамі.
Апытанне было апублікаванае на фоне таго, што 26 сакавіка часопіс The Atlantic апублікаваў дадатковыя паведамленні з групавога чату ў мэсэнджэры Signal, дзе абмяркоўваліся дэталі нападу ЗША на Емен. Журналісты распаўсюдзілі скрыншоты перапіскі, на адным з якіх кіраўнік Пентагона Піт Хегсэт падрабязна распісвае план удараў, апісваючы вайсковую тэхніку і тактыку.
Апытанне NBC News праводзілася сярод 1000 зарэгістраваных выбарцаў з 7 да 11 сакавіка з дапамогай тэлефонных інтэрв'ю і онлайн-апытання, якое дасылалася з дапамогай тэкставых паведамленняў. Пытанне аб камандзе Трампа было зададзенае палове выбаркі рэспандэнтаў, таму статыстычная хібнасць выбаркі складае плюс-мінус 4,4 адсотка.