31 сакавiка 2025, панядзелак, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Відавочцы расказалі, што адбылося ў Хургадзе, дзе затануў батыскаф з расейскімі турыстамі

Відавочцы расказалі, што адбылося ў Хургадзе, дзе затануў батыскаф з расейскімі турыстамі

Колькасць ахвяр вырасла.

Каля ўзбярэжжа Хургады ў Егіпце падчас экскурсіі адбылася аварыя з прагулачным батыскафам «Сіндбад». Апроч экіпажа, на борце знаходзіліся 45 турыстаў, у тым ліку 15 дзяцей. Усе яны прыехалі на адпачынак з Расеі. Большая частка пасажыраў выратаваная, іх жыццю нічога не пагражае. Аднак сама меней чатыры чалавекі загінулі, распавёў генеральны консул Расейскай Федэрацыі ў Хургадзе Віктар Варапаеў, паведамляе ТАСС. Пазней у егіпецкіх СМІ з'явілася інфармацыя, што загінулі шэсць чалавек. Да 17 гадзін паводле беларускага часу колькасць загінулых вырасла да 7, гэта пацвердзіла пракуратура Чырвонага мора.

У генконсульстве паведамілі: аварыя прагулачнага батыскафа адбылася на адлегласці 1 км ад берага блізу 10 гадзін раніцы паводле мясцовага часу.

Што адбылося?

Папярэдне паведамлялася, што прычына трагедыі ў тым, што адзін з двух пілотаў батыскафа не справіўся з кіраваннем і наляцеў на рыф. Субмарына перавярнулася, і адбылася разгерметызацыя салона. Яшчэ летась расейскія турысты неаднаразова скардзіліся на стан батыскафа «Сіндбад»: казалі, што ён быў абшарпаны, сістэма вентыляцыі практычна не працавала, дыхаць не было чым, а капітан даваў кіраваць суднам турыстам.

Пазней з'явілася інфармацыя аб тым, што субмарына пачала тануць яшчэ пры пасадцы на пірсе. Са слоў адной пасажыркі, частка турыстаў ужо была ўнутры - выратаваць іх спрабавалі тыя, хто яшчэ не паспеў увайсці. Праз адчыненыя дзвяры вада хутка патрапіла ўнутр. Загінулі тыя, хто не паспеў выбрацца, і ўвесь экіпаж батыскафа.

Расейскі тэлеграм-канал BAZA паведамляе, што адзін з загінулых - дзіця. Яшчэ 13 чалавек дастаўленыя ў лякарню, 24 турысты ўжо знаходзяцца ў сваіх гатэлях, яшчэ дваіх удзельнікаў экскурсіі шукаюць - яны прапалі без вестак. Ужо апазнаныя трое загінулых. Гэта дзяўчына, якая прыляцела ў Хургаду тры дні таму, і сямейная пара, якая была на борце са сваімі двума дзецьмі - хлопчык і дзяўчынка зараз знаходзяцца ў шпіталі.

Відавочцы: «З лодак выносілі людзей без прытомнасці»

Відавочцам здарэння стала чытачка onliner.by Аляксандра. Цяпер яна знаходзіцца на адпачынку ў гатэлі Serry, адкуль і стартавала экскурсія.

- Лодкі забіралі людзей з батыскафа і прывозілі да берага. Пазней прыбылі хуткія, людзей выносілі на насілках. Хуткіх было шмат. Персанал распавёў, што затануў батыскаф, - распавяла Аляксандра.

Больш падрабязнасцяў расказаў муж Аляксандры - Іван, які асабіста бачыў, як ратавалі пацярпелых.

- Мы самі былі на гэтай экскурсіі летась. Яна праводзілася так: катэры адвозяць людзей на невялікую платформу (дзесьці ў кіламетры ад берага), і там яны ўжо загружаюцца ў батыскаф. Пакуль адна група плавае, другая чакае сваю чаргу на платформе - і далей па колу.

Сёння ўсё пачалося а 10 раніцы. Думаю, гэта была першая група. Наогул у нас вельмі ціхі гатэль, але аб адзінаццатай вельмі блізка да берага прайшла вялікая маторка, егіпцяне на ёй размахвалі рукамі і гучна крычалі. На пірс выбеглі чалавек 20, мусіць. Я таксама рушыў паглядзець.

І ўбачыў, як з лодкі вынеслі дзіця гадоў шасці. А за ім – жанчыну сталага веку. Яны абодва былі без прытомнасці, ім тут жа пачалі надаваць першую дапамогу. Тым часам лодка паехала па наступных пасажыраў: спачатку іх прывозілі чалавекі па два-тры, многія былі без прытомнасці. У канцы вялікі катэр прывёз чалавек 10. Было відаць, што хоць яны і захутаныя ў ручнікі, але ў прытомнасці - варушацца. Так што першымі ратавалі тых, хто быў у цяжкім стане. Адразу ж прыехалі хуткія, потым паліцыя. Цяпер пірс абгароджаны, туды нікога не пускаюць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках