Палестынцы сектара Газа трэці дзень пратэстуюць супраць ХАМАС
- 27.03.2025, 19:51
- 3,650

Патрабаванні мітынгоўцаў падтрымаў нават мясцовы мэр.
У Джабаліі на поўначы сектара Газа пачаліся новыя пратэсты супраць улады тэрарыстаў. На відэа з месца палестынцы называюць ХАМАС тэрарыстамі.
Мяркуючы па здымках з Джабаліі, пратэставаць сёння выйшлі дзясяткі чалавек. У стыхійным мітынгу бяруць удзел дарослыя і дзеці. На плакатах патрабаванні да ХАМАС і абразы на адрас Усамы Хамдана, палітычнага лідара ХАМАС, які жыве за мяжой, паведамляюць «Детали».
На адным з плакатаў напісана: «Гэтага не будзе ў СМІ». Палестынцы, якія пратэстуюць, крытыкуюць мясцовую прэсу і катарскую Al Jazeera за адмову асвятляць мітынгі. Учора яны скардзіліся на журналістаў у інтэрвію The Wall Street Journal.
Маштабныя пратэсты ўспыхнулі 25 сакавіка ў Бейт-Лахіі пасля пахавання. Патрабаванні мітынгоўцаў падтрымаў нават мясцовы мэр.
Потым пратэсты перакінуліся на суседнюю Джабалію, у цэнтр сектара Газа і дайшлі да Хан-Юніса. Кланы на поўдні сектара нават заклікалі пачаць інтыфаду супраць ХАМАС.
ХАМАС спрабуе прадставіць незадаволеных палестынцаў агентамі Ізраіля і пагражае дэманстрантам.