ЗША адпрэчылі патрабаванне Пуціна аб увядзенні вонкавага кіравання ва Украіне
30- 29.03.2025, 9:56
- 29,010

Улада ва Украіне вызначаецца яе канстытуцыяй і народам.
Белы дом не пагадзіўся з прапановай Уладзіміра Пуціна аб увядзенні часовага кіравання ва Украіне пад эгідай ААН і заходніх краін. Гэты план, на думку Пуціна, павінен быў бы забяспечыць правядзенне выбараў і прывесці да ўлады ўрад, які карыстаўся б даверам насельніцтва. Аднак прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША ў каментары Reuters падкрэсліў, што «ўлада ва Украіне вызначаецца яе канстытуцыяй і народам». Такім чынам, ідэя «часовага кіравання» была адхіленая, паведамляе The Moscow Times.
Між тым, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў заявіў, што Пуцін не абмяркоўваў гэтае пытанне з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. «Падчас тэлефонных размоў, аб якіх мы вам паведамлялі, гэтая тэма не закраналася», – адказаў ён на адпаведнае пытанне ТАСС. Пяскоў удакладніў, што прапанова Пуціна носіць толькі «гіпатэтычны» характар.
Раней Уладзімір Пуцін заявіў, што ўвядзенне часовага міжнароднага кіравання магло б садзейнічаць падпісанню мірнай дамовы паміж Украінай і Расеяй. «Можна было б пад эгідай ААН, ЗША, з еўрапейскімі краінамі, зразумела, з нашымі партнёрамі і сябрамі абмеркаваць магчымасць увядзення ва Украіне часовага кіравання. Для таго, каб правесці дэмакратычныя выбары», - заявіў ён падчас візіту на атамны падводны крэйсер «Архангельск».