Расейскія банкі рыхтуюцца да падзення коштаў нафты і ўзмацнення санкцый
4- 28.03.2025, 21:36
- 5,162

Эканоміка РФ можа страціць больш як $150 мільярдаў прыбытку ад экспарту.
Банк Расеі правёў стрэс-тэставанне расейскіх банкаў на выпадак рэалізацыі «рызыкоўнага сцэнара» развіцця эканомікі. Пра гэта сам рэгулятар паведаміў у гадавой справаздачы, якая ў пятніцу была ўнесеная ў Дзярждуму РФ, адзначае The Moscow Times.
Умовы, гатоўнасць да якіх правяраў ЦБ, уключалі ўзмацненне санкцый, спад у сусветнай эканоміцы і рэзкае падзенне коштаў нафты – да $ 49 за бараль Brent, гэта значыць на 33% у параўнанні з цяперашнімі ўзроўнямі. У «рызыкоўным сцэнары» (яго Цэнтрабанк апісаў у «Асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2024–2026 гг), расейская эканоміка страчвае больш за $150 млрд прыбытку ад экспарту, агульны аб'ём якога падае да $266 млрд – самага нізкага ўзроўню з 2005 года. Імпарт скарачаецца да $200 млрд – мінімуму за 10 гадоў, а ВУП скочваецца ў рэцэсію, трацячы за год да 3,5%.
Як запэўнівае ЦБ РФ у справаздачы, банкаўская сістэма здольная вытрымаць такі крызіс. «Назапашаны банкамі за апошнія гады запас капіталу дазваляе большасці з іх у значнай ступені пакрыць стрэсавыя страты, дастатковасць капіталу (нарматыў Н1.0) можа знізіцца ў сукупнасці на 2,8 адсоткавага пункта, але ў цэлым захаваецца на ўзроўні 9,6%, які перавышае мінімальнае значэнне нарматыву», – піша рэгулятар.
У тэставанні бралі ўдзел 27 найбуйнейшых расейскіх банкаў і ацэньваліся 400 іх галоўных кліентаў-пазычальнікаў з ліку буйных расейскіх кампаній.
У закрытым дакладзе, які быў прапанаваны ва ўрад у лютым, ЦБ папярэдзіў, што рэзкае падзенне коштаў нафты на доўгі час можа стаць рэальнай пагрозай для расейскай эканомікі праз планы ЗША і краінаў АПЕК павялічыць здабычу. Вольныя магутнасці дзяржаваў АПЕК – 5 млн бараляў за дзень – цяпер дазваляюць цалкам замяніць усю расейскую нафту на сусветным рынку, а падобны прэцэдэнт ужо быў у сярэдзіне 1980-х, паказваў Цэнтрабанк: тады Саудаўская Аравія ўтрая нарасціла вытворчасць нафты і абваліла сусветныя кошты з $ 35 да $ 1. Гэта спарадзіла востры валютны крызіс у Савецкім саюзе і праз 6 гадоў скончылася ягоным банкруцтвам і развалам.