1 красавiка 2025, aўторак, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Матч менскага «Дынама» і маскоўскага ЦСКА скончыўся скандалам

38
Матч менскага «Дынама» і маскоўскага ЦСКА скончыўся скандалам

Расеец пачаў збіваць клюшкай хакеіста з беларускай каманды.

Апошнія секунды матчу плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі паміж «Дынама» і ЦСКА (беларуская каманда перамагла — 5:3) скончыліся бойкай, якую справакаваў расеец, піша «Зеркало».

28 сакавіка менскае «Дынама» перамагло і ў другім матчы плэй-оф КХЛ у ЦСКА. 2:0 у серыі - гэта сур'ёзная заяўка на выніковы поспех. Беларуская каманда зноў здолела перамагчы, уступаючы ў ліку. На 59-й хвіліне гаспадары закінулі дзве шайбы ў пустую браму. За тры секунды да сірэны «армейцы» адквіталі адзін гол, але, зразумела, было ўжо позна.

ЦСКА выпусціў на лёд 20-гадовага расейскага нападніка Кірыла Далжанкова. Ён выйшаў на ўкідванне супраць канадца Крыса Цірні. Габарытны Далжанкоў (198 см, 101 кг) нават не стаў змагацца за шайбу, а адразу пачаў біць клюшкай спаборніка. Расеец паспеў нанесці тры ўдары па руках і нагах канадца, пасля чаго на лёдзе ўзнікла невялікая бойка і ўмяшаліся суддзі.

Далжанкоў атрымаў пяць хвілін штрафу за ўдар клюшкай і 20 хвілін дысцыплінарнага штрафу да канца матчу. Зрэшты, не выключана, неўзабаве Кірылу яшчэ выпішуць дыскваліфікацыю на некалькі гульняў.

На прэс-канферэнцыі галоўны трэнер ЦСКА Ілля Вараб'ёў прыняўся абараняць свайго падапечнага: «Гэта плэй-оф, эмоцыі. А потым хакей — гэта кантактны тып спорту. Так можна ў тэніс гуляць, там праз сетку, там нічога няма, ні ўдараў, нічога».

У сваю чаргу, настаўнік «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў даў ясна зразумець, што Далжанкоў пачаў біць клюшкай на ўказанне трэнераў: «За тры секунды на ўкідванні…Гульні ж няма. Я вам з досведу скажу: такія рэчы без каманды не робяцца. Гэта сумна».

Пакуль не вядома, як сябе адчувае Цірні. Адзначым, што яшчэ адзін паўночнаамерыканскі нападнік «Дынама» Сэм Энас не гуляў у трэцім перыядзе. Са слоў Квартальнава, хакеіст «атрымаў удар клюшкай у галаву».

Трэці матч серыі адбудзецца 30 сакавіка ў Маскве. «Дынама» яшчэ ні разу не выходзіла ў другі раунд плэй-оф.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках