У Гомельскай вобласці за год «вымер» цэлы горад
4- 29.03.2025, 16:28
- 9,978

Фота: Уладзімір Музычэнка
Колькасць насельніцтва рэгіёна імкліва зніжаецца.
Колькасць насельніцтва Гомельскай вобласці, як і іншых рэгіёнаў Беларусі працягвае імкліва зніжацца. Такая тэндэнцыя бачная паводле звестак у свежым статыстычным бюлетэні, які вывучыў «Флагшток».
На 1 студзеня 2025 года колькасць насельніцтва Гомельскай вобласці, паводле звестак Белстата, склала 1 млн 327 тысяч 973 чалавек, у тым ліку гарадскога насельніцтва - 1 млн 040 тыс. 624 чалавек. Параўнанне са звесткамі мінулага года паказвае, што змяншэнне насельніцтва перавысіла 10,6 тыс. чалавек. Гэта значна больш, чым у папярэднім, 2023 годзе, калі ў рэгіёне стала менш на 8 тыс. 852 чалавекі. Прыкладна такая колькасць людзей пражывае ў Буда-Кашалёвё.


Прычым хутчэй знікаюць людзі ў сельскай мясцовасці. Калі гарадское насельніцтва скарацілася за год на 4262 чалавекі (-0,4%), то сельскае - на 6382 чалавека (-2,2%).
Цікава, што колькасць Гомеля - паводле афіцыйных звестак - практычна не змянілася. Фармальна горад захаваў статут паўмільённіка. У абласным цэнтры за год стала толькі на некалькі дзясяткаў людзей больш (91 чалавек), і цяпер колькасць Гомеля складае 501 193 чалавекі.
Таксама на некалькі жыхароў паболела ў маленькіх населеных пунктах. Напрыклад, у Тураве (+4 чалавекі), гарадскім пасёлку Азарычы (+30 чалавек), працоўным пасёлку Бальшавік (+2 чалавекі).
З райцэнтраў крыху прыраслі «чарнобыльскія» Брагін (+5 чалавек), Нароўля (+17 чалавек).
Ва ўсіх астатніх раённых цэнтрах колькасць насельніцтва за год упала. Сярод лідараў - Светлагорск з падзеннем на 1,6%, Ельск (1,2%):, Рагачоў (1,1%).
Хутчэй за ўсё выміраюць Ельскі (1,2%), Лоеўскі (1,0%) і Кастрычніцкі (1,2%) раёны.
У перспектыве 6 апошніх гадоў жыхароў Гомельскай вобласці стала на 4,3 працэнта менш.
Нагадаем, пададзеныя Белстатам звесткі не ўлічваюць грамадзян, якія пераехалі з рэгіёну ў іншыя краіны пасля перапісу 2019 года і не апавясцілі пра гэта органы ўліку. Гэта значыць, што статыстыка паказвае толькі "выміранне" насельніцтва.