У Стамбуле прайшоў вялізны мітынг супраць арышту апанента Эрдагана
1- 29.03.2025, 18:24
- 4,020

Гэта былі самыя маштабныя дэманстрацыі ў краіне за апошнія 10 гадоў.
У Стамбуле сотні тысяч чалавек выйшлі на акцыі пратэсту супраць арышту мэра горада Экрэма Імамаглу - галоўнага палітычнага апанента прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана. Гэта былі самыя маштабныя дэманстрацыі ў краіне за апошнія дзесяць гадоў, піша «Радыё Свабода».
Пратэстоўцы сабраліся на набярэжнай у раёне Малтэпе, яны размахвалі сцягамі Турцыі і плакатамі, на адным з якіх было напісана: "Калі правасуддзе маўчыць, народ загаворыць". Мітынг з патрабаваннем вызваліць Імамаглу арганізавала апазіцыйная Рэспубліканская народная партыя.
На мітынгу зачыталі ліст Імамаглу: «У мяне няма страху, вы за маёй спінай і побач са мной. У мяне няма страху, бо нацыя адзіная. Нацыя аб'ядналася супраць прыгнятальніка», - гаварылася ў лісце.

Пратэсты ў краіне пачаліся пасля таго, як 19 сакавіка паліцыя затрымала мэра Стамбула. Пасля суд адправіў яго пад арышт. Экрэма Імамаглу і яшчэ блізу сто чалавек абвінавачваюць у карупцыйных злачынствах і стварэнні злачыннай групы, якая займалася вымаганнем у бізнэсу. Апазіцыйныя партыі і праваабарончыя групы заявілі, што справа супраць Імамаглу з'яўляецца спробай ліквідаваць патэнцыйную электаральную пагрозу Эрдагану. Сам Імамаглу назваў абвінавачанні "надуманымі і паклёпніцкімі".
Пратэсты ў асноўным насілі мірны характар, аднак паліцыянты затрымалі амаль 1900 чалавек.
Імамаглу быў затрыманы за некалькі дзён да таго, як яго планавалі абраць кандыдатам на пасаду прэзідэнта на выбарах 2028 года. Нараўне з ім 19 сакавіка ў рамках расследавання затрымалі больш за 100 чалавек, уключаючы палітыкаў, журналістаў, бізнэсоўцаў. Раней Стамбульскі ўніверсітэт абвясціў, што анулюе дыплом Экрэма Імамаглу праз нейкай «відавочнай памылкі». Калі рашэнне застанецца ў сіле, яно пазбавіць мэра Стамбула магчымасці ўдзельнічаць у выбарах, бо кандыдат павінен мець універсітэцкі дыплом.