Ала Пугачова запісала дзве песні пра вайну
5- 30.03.2025, 16:12
- 10,098

Кампазіцыі называюцца «Пацалунак вайны» і «Мама».
Народная артыстка СССР Ала Пугачова запісала дзве новыя песні, паведамляе «Фантанка».
Як піша выданне, у «архіўным пабліку набліжаным да спявачкі», былі апублікаваныя дзве новыя песні: «Пацалунак вайны» і «Мама». Гаворка ідзе пра суполку «Ала Пугачова. Відэаархіў» ва «УКантакце», у апісанні якой гаворыцца, што гэта «галоўная група для прыхільнікаў творчасці» выканаўцы.
Абедзве кампазіцыі былі апублікаваныя ў ноч на 29 сакавіка, але неўзабаве зніклі з супольнасці. Адпаведныя публікацыі цяпер суправаджаюцца наступным тэкстам:
«Песня выдаленая да афіцыйнага рэлізу. Сачыце за анонсамі».
Калі плануецца рэліз гэтых кампазіцый, не ўдакладняецца. На музычных анлайн-сэрвісах яны недаступныя для праслухоўвання.
Ала Пугачова і яе муж, гумарыст Максім Галкін пакінулі Расею пасля пачатку вайны РФ ва Украіне ў 2022 годзе. Муж спявачкі асудзіў баявыя дзеянні ва Украіне, пасля чаго быў уключаны ў рэестр замежных агентаў. Артыстка пасля гэтага публічна папрасіла прызнаць яе іншаагенткай, растлумачыўшы, што салідарная з мужам.
Уключыць Пугачову ў рэестр Мінюста неаднаразова заклікалі ў Дзярждуме РФ.