Трамп прыгразіў Ірану «нябачанымі бамбаваннямі»
11- 30.03.2025, 18:12
- 5,896

ФОТА: GETTY IMAGES
Прэзідэнт ЗША заклікаў Тэгеран заключыць ядзерную ўгоду.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў Ірану бамбаваннямі, калі Тэгеран не заключыць пагадненне ў ядзернай праграме, паведамляе Reuters.
«Калі яны не заключаць угоду, будуць бамбаванні – і гэта будуць бамбаванні, падобных да якіх яны ніколі не бачылі», – заявіў Трамп у тэлефонным інтэрв'ю NBC у нядзелю, 30 сакавіка. Прэзідэнт ЗША таксама згадаў альтэрнатыўную пагрозу: «Ёсць шанец, што калі яны не заключаць угоду, то я ўвяду другасныя тарыфы, як я рабіў чатыры гады таму».
Ультыматум Трампа рушыў услед за ягонай спробай пачаць перамовы з Іранам. У пачатку сакавіка, як паведамляла Reuters, прэзідэнт ЗША накіраваў ліст вярхоўнаму лідару Ірана аяталу Алі Хаменеі, у якім прапанаваў перамовы ў ядзернай праграме. «Ёсць два спосабы развязання праблемы з Іранам: ваенным шляхам або шляхам заключэння ўгоды. Я мяркую, што лепш заключыць угоду, таму што я не хачу прычыняць шкоду Ірану», – растлумачыў тады Трамп у інтэрв'ю Fox Business Network.
Падобна, цяперашняя заява прэзідэнта ЗША стала рэакцыяй на атрыманы ад Ірана першы афіцыйны адказ. Як паведаміў у гэты ж дзень, 30 сакавіка, прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, Тэгеран адпрэчыў прамыя перамовы з ЗША ў сваёй ядзернай праграме, піша CNN. Паводле словаў Пезешкіяна, Іран перадаў свой адказ праз Аман, пакінуўшы адкрытай магчымасць непрамых кантактаў з Вашынгтонам.
«Мы не ўнікаем перамоваў; менавіта парушэнне абяцанняў стварала праблемы да гэтага часу. Яны павінны даказаць, што могуць выклікаць давер», – падкрэсліў іранскі лідар.
Напружанасць вакол іранскай ядзернай праграмы расце, паколькі, як гаварылася ў лютаўскім дакладзе ядзернага кантрольнага органа ААН, Іран паскорыў працэсы і ўжо ўзбагачае ўран амаль да ўзброенага ўзроўню. Ізраіль і ЗША неаднаразова заяўлялі, што ніколі не дазволяць Ірану атрымаць ядзерную зброю.