Прэзідэнт Фінляндыі пасля сустрэчы з Трампам: ЗША рыхтуюць санкцыі супраць РФ
9- 30.03.2025, 19:36
- 8,778

Паводле ягоных словаў, цярпенне ЗША ў дачыненні да Расеі на зыходзе.
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб пасля сямігадзіннай сустрэчы з Дональдам Трампам у Флорыдзе ў суботу паведаміў, што ЗША распрацоўваюць санкцыі супраць Расеі, калі яна адмовіцца спыніць агонь ва Украіне ці парушыць рэжым цішыні.
Пра гэта Стуб сказаў у нядзелю на прэс-канферэнцыі ў Лондане, яго цытуе Yle.
Стуб спачатку адзначыў, што Фінляндыя ўважае 20 красавіка за ўдалую дату для пачатку поўнага спынення агню без усялякіх умоваў.
«Чаму 20 красавіка? Таму што нам патрэбны дэдлайн. Таму што гэта Вялікдзень. І таму, што прэзідэнт Трамп будзе на пасадзе ўжо тры месяцы», – растлумачыў фінскі прэзідэнт.
Паводле словаў Стуба, калі Расея не пагодзіцца на перамір'е ці парушыць яго, трэба будзе ўвесці моцны механізм санкцый. Ён сказаў, што такія санкцыі рыхтуюцца і ў ЗША.
«Мы таксама абмяркоўвалі гэта з прэзідэнтам Трампам і сенатарам Ліндсі Грэмам, архітэктарам пакету санкцый. І ў найбліжэйшы час ён прапануе гэта блізу пяцідзесяці сенатарам у Злучаных Штатах», – сказаў фінскі прэзідэнт. Ліндсі Грэм таксама быў на сустрэчы ў Флорыдзе, дзе Стуб і Трамп, сярод іншага, гулялі ў гольф.
На прэс-канферэнцыі Стуба асобна спыталі, што Трамп думае пра гэтыя санкцыі.
«У Грэма і прэзідэнта Трампа блізкія стасункі. Вядома, не ўсё, што плануе сенатар Грэм, ажыццявіцца. Але ў мяне склалася ўражанне, што цярпенне заканчваецца і з боку ЗША – і гэта, на маю думку, добра», – ацаніў фінскі прэзідэнт.
Паводле словаў Стуба, цярпенне Трампа таксама заканчваецца.
«Ён вельмі нецярплівы да дзеянняў Расеі, да гэтай змовы і прамаруджвання са спыненнем агню. Я спрабаваў патлумачыць, што гэта цалкам нармальныя паводзіны Расеі. Спачатку вы пра нешта дамаўляецеся, а потым зноў выстаўляеце ўмовы», – адзначыў ён.
Стуб заклікаў адсочваць заявы сенатара Грэма цягам наступных некалькіх дзён.
«Я бачыў некаторыя з іх (санкцый), і калі яны матэрыялізуюцца, то гэта будзе мець вельмі вялікі ўплыў», – адзначыў фінскі прэзідэнт.
Стуб адзначыў, што сказаў Трампу, што Расея разумее толькі сілу. А гэта азначае санкцыі і выкарыстанне замарожаных расейскіх сродкаў для падтрымкі Украіны.
У нядзелю Трамп заявіў, што быў «вельмі злы» і «раздражнёны» апошнімі заявамі Уладзіміра Пуціна пра знешняе кіраванне Украінай і прыгразіў увесці тарыфы на расейскую нафту.