1 красавiка 2025, aўторак, 18:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парэшткі аскараноснага актора Джына Хэкмэна і ягонай жонкі ніхто не забраў з морга

6
Парэшткі аскараноснага актора Джына Хэкмэна і ягонай жонкі ніхто не забраў з морга

Сужэнцы былі знойдзеныя мёртвымі ў сваім доме ў Санта-Фэ ў лютым.

Прайшло больш за месяц з таго часу, як стала вядома пра смерць легендарнага актора Джына Хэкмэна і ягонай жонкі Бэтсі Аракавы, але іхнія целы да гэтага часу не запатрабаваныя сваякамі: абое прадаўжаюць знаходзіцца ў рэестры «незапатрабаваных памерлых» Управы судова-медыцынскай экспертызы штата Нью-Мексіка.

Установа заклікае найбліжэйшых сваякоў нябожчыкаў звярнуцца ў органы ўлады для атрымання пасведчанняў пра смерць і арганізацыі пахавання. «Гэта не з'яўляецца агульнапрынятай практыкай – захоўваць парэшткі даўжэй, чым гэта неабходна», – заявіў Крыс Рамірэс, прадстаўнік Бюро судова-медыцынскай экспертызы штата Нью-Мексіка.

Сужэнцы былі знойдзеныя мёртвымі ў сваім доме ў Санта-Фэ ў лютым. Хэкмэн, які пакутаваў ад хваробы Альцгеймера, як паказала экспертыза, памёр ад «гіпертанічнага атэрасклератычнага сардэчна-сасудзістага захворвання», а ягоная жонка на тыдзень раней памерла ад хантавірусу – рэдкага захворвання, якое перадаецца грызунамі. Следчыя выказалі здагадку, што актор праз прагрэсаванне дэменцыі не ўсведамляў факту смерці жонкі, труп якой ляжаў у ваннай. Самога Хэкмэна знайшлі ў пярэднім пакоі.

Сваякі мужа і жонкі апублікавалі заяву ў часопісе Us Weekly. «З вялікім сумам мы паведамляем пра смерць нашага бацькі Джына Хэкмэна і ягонай жонкі Бэтсі. Мільёны людзей па ўсім свеце любілі яго і захапляліся ім за ягоную бліскучую акторскую кар'еру, але для нас ён заўсёды быў проста татам і дзядулем. Нам будзе яго вельмі не ставаць, і мы спустошаныя гэтай стратай», – гаварылася ў тым паведамленні.

Аднак цяпер высветлілася, што трое дзяцей актора і піяністкі – Крыстафер, Элізабэт і Леслі – да гэтага часу не паклапаціліся, каб забраць цела з морга. Гэта выклікала шквал крытыкі з боку прыхільнікаў Хэкмэна і справакавала плёткі з нагоды «складаных сямейных стасункаў» і праблемаў з дзяльбой шматмільённай спадчыны, якая ўключае маёнтак коштам 80 млн даляраў.

Us Weekly адзначае, што тастамент Хэкмэна заставаўся нязменным з 2005 года, калі ён выявіў жаданне перадаць усю маёмасць сваёй жонцы. Яна ж была ўказаная ў якасці папячыцелькі ягонай маёмасці ў выпадку ўзнікнення недзеяздольнасці.

Тым часам People паведамляе, што старэйшы сын актора Крыстафер наняў адваката для юрыдычнай кансультацыі ў пытаннях, звязаных са спадчынай. Элізабэт, другая дачка Хэкмэна і Аракавы, заявіла, што мае намер крэміраваць Зіну – сабаку бацькоў, знойдзеную мёртвай побач з імі, – і пахаваць яе прах побач з гаспадарамі на знак іх моцнай сувязі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках