У Літве дасталі з балота бронемашыну вайскоўцаў ЗША, якія зніклі на мяжы з Беларуссю
6- 31.03.2025, 7:52
- 27,966

Інфармацыя пра вайскоўцаў не агучваецца.
31 сакавіка раніцай на палігоне ў літоўскім Пабрадзе на мяжы з Беларуссю амерыканскую бронемашыну выцягнулі з балота. На месцы здарэння працуе вайсковая паліцыя і амерыканскія следчыя. Пра лёс зніклых вайскоўцаў пакуль нічога не вядома, паведамляе Delfi.
"А 4.30 ч. аперацыя была закончаная, бронемашыну выцягнулі з дапамогай двух такіх жа машын і бульдозера", - сказала ў інтэрв'ю LRT міністарка абароны Літвы Давіле Шакаленэ.
“На гэты момант на месцы здарэння працуе Вайсковая паліцыя і амерыканскія следчыя, таму больш інфармацыі мы даць не можам. Я думаю, што мы ўздыхнулі вальней, самая складаная частка працы выкананая, першая, самая складаная частка аперацыі. Упартая шасцідзённая праца з удзелам сотняў людзей нарэшце дала першы, вельмі важны вынік”, - сказала LRT міністарка.
На пытанне аб зніклых амерыканскіх вайскоўцаў, яна адказала, што пакуль не можа казаць на гэтую тэму.
“Пакуль такой інфармацыі няма. Іншы момант, нават калі такая інфармацыя з'явіцца, ёсць дакладная дамова, што першымі пра гэта абвесцяць амерыканцы».
Найперш пра лёс вайскоўцаў будуць інфармаваныя іх сем'і.
Нагадаем, што амерыканскія вайскоўцы на гусенічнай бронемашыне М88 зніклі 25 сакавіка на палігоне ў Пабрадзе падчас вучэнняў. 26 сакавіка стала вядома, што машына патанула ў балоце.
Яе месцазнаходжанне ўстанавілі ў мінулую сераду. З таго часу вялася складаная і напружаная аперацыя яе выцягвання з балота. Бронемашына знаходзілася на глыбіні 4 метраў, над ёй было два метры глею. У нядзелю вечарам амерыканскім вадалазам удалося прычапіць да машыны тросы.